«Кашмар, няма слоў»: у буйным беларускім горадзе людзі займаюць чаргу ў ДАІ з вечара
16- 7.06.2026, 13:33
- 19,932
Сітуацыя накалена да краю.
Карыстальніца Threads з Пінска пажалілася ў гэтай сацсетцы на цяжкасці з запісам на экзамен у ДАІ. На момант публікацыі гэтага матэрыялу яе пост сабраў ужо больш за 35 тысяч праглядаў, піша «Зеркало».
«Серада, устаём у пяць раніцы, едзем займаць чаргу для сына ў Пінскую ДАІ. Людзей процьма, некаторыя стаяць з другой гадзіны ночы. А восьмай натоўп урываецца ўнутр, бярэм талон, 19-ы. Не праходзім, нам кажуць, і на заўтра ўжо ўсё распісана. <�…> Без настрою едзем дадому. Сын застаецца з інструктарам, катаецца», — распавяла жанчына.
Па яе словах, на наступны дзень, у чацвер, а 1.38 ночы муж паехаў займаць чаргу, там ужо былі людзі. «У 8 раніцы бярэ талон на суботу. У суботу няма машыны. Пяць чалавек на здачу. Аплачваюць за карч 30 р. Вынік: адзін чалавек здае, астатнія па дамах», — абурылася яна.
У каментарыях карыстальнікі дадалі, што сутыкнуліся з аналагічнымі праблемамі, хоць нядаўна ў горадзе адкрылі новы будынак, дзе праходзіць здача экзамену. «Людзям даводзіцца ездзіць у МРЭО іншых гарадоў, каб зрабіць усё як трэба. Нашае не спраўляецца», — адзначаюць яны.
Знайшліся і тыя, хто абурыўся, чаму дарослыя займаюць чаргу за сына. «Мы сыну спачатку не верылі. Тры суткі запар ездзіў у 5 раніцы. І я, і мая мама з сястрой думалі, што наш малы хлусіць. З'ездзілі самі з мужам — былі ў шоку. Кашмар. Няма слоў, адны маты», — растлумачыла карыстальніца. «У іх адзін інспектар на ўвесь горад!!! На ўсе катэгорыі», — дзівіцца жанчына.