12 жніўня Еўропа ўбачыць першае поўнае сонечнае зацьменне за 27 гадоў
2- 26.07.2026, 14:12
- 1,474
А што ў Беларусі?
12 жніўня кантынентальная Еўропа убачыць першае поўнае сонечнае зацьменне з 1999 года. Аднак убачыць яго цалкам пашанцуе не ўсім краінам. Поўнае сонечнае зацьменне пройдзе над Грэнландыяй, Ісландыяй, поўначчу Расіі, Атлантычным акіянам, Іспаніяй і невялікай часткай Партугаліі.
Значная частка Еўропы ў гэты дзень убачыць толькі частковае сонечнае зацьменне. Поўную фазу цемры ў Беларусі назіраць таксама не ўдасца, аднак беларусы змогуць убачыць, як Месяц часткова «надкусіць» сонечны дыск ля самага гарызонту проста перад яго захадам. Напрыклад, у Мінску зацьменне пачнецца а 20:10, а яго максімум прыйдзецца на 20:42, незадоўга да заходу сонца.
Для лепшага агляду варта знайсці ўзвышша або адкрытую мясцовасць з добрым відам на захад і паўночны захад. Абавязкова карыстайцеся спецыяльнымі астранамічнымі акулярамі або ахоўнымі фільтрамі – звычайныя сонцаахоўныя акуляры не абароняць вочы ад апёку сеткаватай абалонкі вока.
Дарэчы, 12 жніўня можна будзе назіраць рэдкае спалучэнне трох нябесных суперпадзей: сонечнае зацьменне, парад з шасці планет на світанку (Юпітэр, Марс, Меркурый, Сатурн, Уран, Нептун) і магутны пік метэорнага патоку Персеіды ўначы (да 100–120 метэораў у гадзіну). Паводле прыблізных падлікаў, супадзенне ўсіх трох умоў адбываецца раз у дзясяткі тысяч гадоў.
Каб убачыць метэорны паток Персеіды, трэба дачакацца глыбокай ночы і з’ехаць далей ад гарадскога асвятлення. Тады без дадатковых прыбораў на небе можна будзе заўважыць хуткія яркія ўспышкі метэораў, якія згараюць у атмасферы.
А бліжэй да ранку, перад самым усходам сонца, можна будзе ўбачыць парад планет. Юпітэр, Марс і Сатурн будуць бачныя няўзброеным вокам як вельмі яркія кропкі на небе. А вось Меркурый, Уран і Нептун можна будзе ўбачыць толькі з дапамогай тэлескопа.