ЕС уводзіць пошліны на недарагія пасылкі з Кітая
- 30.06.2026, 1:04
З 1 ліпеня.
Еўрапейская камісія ўводзіць новы мытны збор на недарагія пасылкі з Кітая. З 1 ліпеня за пасылкі коштам да 150 еўра будзе спаганяцца плата ў памеры 3 еўра, паведамляе The Guardian.
Адначасова будзе скасавана правіла, якое дазваляла ўвозіць у краіны Еўрапейскага саюза тавары такога кошту без сплаты пошліны. У Бруселі разлічваюць, што гэта дапаможа скараціць паток танных тавараў з Кітая і падтрымаць еўрапейскіх рознічных прадаўцоў.
Паводле дадзеных Еўрапейскай камісіі, колькасць недарагіх пасылак, што паступаюць у ЕС, вырасла больш чым у чатыры разы — з 1,3 мільярда ў 2022 годзе да 5,9 мільярда ў 2025-м. Каля 90 працэнтаў такіх пасылак паступае з Кітая, галоўным чынам праз інтэрнэт-платформы Shein і Temu.
У Еўрапейскай камісіі таксама звярнулі ўвагу на праблемы з якасцю і бяспекай імпартных тавараў. Паводле даследавання, апублікаванага 29 чэрвеня, каля 60 працэнтаў прадукцыі, набытай праз інтэрнэт па-за межамі Еўрапейскага саюза, не адпавядае еўрапейскім патрабаванням.
Найбольшая колькасць парушэнняў была выяўлена сярод касметыкі, цацак, харчовых дабавак і сродкаў індывідуальнай абароны. Улады ЕС лічаць, што новыя меры дапамогуць не толькі падтрымаць мясцовы бізнес, але і павысіць бяспеку тавараў для спажыўцоў.