Найбуйнейшы НПЗ «Лукойла» спыніўся
- 25.06.2026, 19:43
- 3,110
Яго атакавалі беспілотнікі.
НПЗ «Ніжагароднафтааргсінтэз» (НОРСІ) спыніў перапрацоўку нафты пасля атакі беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА), паведамляе Reuters са спасылкай на дзве крыніцы ў галіне.
Найбуйнейшы завод «Лукойла», які займае 4-е месца паводле магутнасці ў Расіі і другое — па вытворчасці бензіну, падвергнуўся налёту ў сераду, 24 чэрвеня. У выніку на заводзе была пашкоджаная ўстаноўка першаснай перапрацоўкі АВТ-5, якая забяспечвае 25% магутнасці прадпрыемства, паведамілі суразмоўцы Reuters.
З серады НОРСІ спыніў рэалізацыю гуртовых партый аўтабензіну і дызельнага паліва на Санкт-Пецярбургскай таварна-сыравіннай біржы. Паводле слоў крыніц Reuters, завод плануе павялічыць загрузку іншых магутнасцяў і паэтапна перайсці да працы без пашкоджанай устаноўкі.
НОРСІ, здольны штогод перапрацоўваць 15 млн тон нафты і выпускаць 5 млн тон бензіну, стаў пятым расійскім НПЗ, што спыніў вытворчасць у чэрвені. 16 чэрвеня спыніў перапрацоўку Маскоўскі НПЗ «Газпрам нафты», рамонт якога, паводле слоў крыніц Reuters, можа зацягнуцца да 2027 года. З 12 чэрвеня стаіць НПЗ «Танеко» «Татнафты» ў Ніжнекамску, 10 чэрвеня спыніўся Куйбышаўскі НПЗ, 1 чэрвеня — Валгаградскі НПЗ. Два апошнія належаць «Раснафце».
З-за атак БПЛА да канца чэрвеня вытворчасць бензіну ў Расіі скарацілася на 25% у гадавым вымярэнні — да 85 тысяч тон за суткі, паводле дадзеных Reuters. Гэта больш як на 20% ніжэй за попыт у летнія месяцы, які дасягае 110 тысяч тон штодня.