24 лiпеня 2026, Пятніца, 18:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расійскі рынак акцый рухнуў рэкордна з часу мабілізацыі

4
Расійскі рынак акцый рухнуў рэкордна з часу мабілізацыі

Ідуць панічныя продажы.

Завяршыўшы 15 тыдняў запар у мінусе, расійскі рынак акцый распачаў новы тарговы тыдзень наймацнейшым за чатыры гады абвалам, перадае The Moscow Times.

На таргах у панядзелак, 22 чэрвеня, індэкс Маскоўскай біржы ўпаў на 4,65%, што стала рэкордным унутрыдзённым зніжэннем з канца верасня 2022 года, калі Уладзімір Пуцін абвясціў «частковую мабілізацыю». Па выніках асноўнай сесіі індэкс, які ўключае акцыі 46 найбуйнейшых расійскіх кампаній, апусціўся да 2318,2 пункта — мінімальнага ўзроўню з 17 сакавіка 2023 года.

Усе без выключэння «блакітныя фішкі» завяршылі дзень падзеннем каціровак: «Газпрам» патаннеў на 4,4% і абнавіў мінімумы з канца 2008 года, паперы «Раснафты» перажылі наймацнейшае з 2022 года падзенне — на 7,3% за дзень. Больш за 5% страцілі акцыі «Новатэка», ВТБ і «Аэрафлота»; больш за 3% — «Лукойл» і «Ростэлеком».

На рынку «ужо ідуць панічныя продажы», адзначае інвестбанкір Яўген Каган. Прычыны застаюцца ранейшымі, пералічвае ён: адсутнасць перамоў па расійска-ўкраінскім канфлікце, жорсткая пазіцыя ЦБ РФ, а таксама сталі часцейшымі ўдары па расійскай інфраструктуры.

«Расійскія акцыі апынуліся пад ударам адразу з некалькіх бакоў», — канстатуе аналітык «Фінама» Дзмітрый Лазавы: эканоміка запавольваецца, падаткі растуць, Цэнтрабанк трымае высокую ключавую стаўку, а паліўны крызіс пагражае разагнаць інфляцыю. Нарэшце, ЗША афіцыйна знялі санкцыі з Ірана і выдалі дазвол Ірану на гандаль нафтай, звяртае ўвагу Лазавы. А гэта абяцае падзенне коштаў на нафту, што адаб'ецца на экспартнай выручцы і даходах бюджэту.

Алею ў агонь нечакана падліў Генадзь Зюганаў, які заклікаў канфіскаваць уклады насельніцтва. «Менавіта пасля распаўсюджвання гэтых каментарыяў распродаж заўважна паскорыўся, паколькі ў інвестараў узмацніліся апасенні адносна магчымaga адміністратыўнага ціску на фінансавы сектар і прыватныя зберажэнні», — указвае Лазавы.

Асноўная прычына падзення рынку ўсё ж — эскалацыя напружанасці з Украінай, лічыць аналітык БКС Андрэй Смірноў: «Павялічыліся санкцыйныя рызыкі, сталі часцейшымі рэзанансныя інцыдэнты з удзелам БПЛА. Перамоўная траекторыя, прынамсі ў публічнай прасторы, замарожаная».

Судзячы па ўсім, на рынку пачаліся маржын-колы: з-за страт брокеры прымусова закрывалі пазіцыі інвестараў, што штурхала каціроўкі яшчэ ніжэй, а ў «далёкіх эшалонах» падзенне акцый стала двухзначным, звяртае ўвагу Каган: паперы «Ціана» абрынуліся на 13,4%, «Соллерса» — на 14,7%, «Русагра» і ТМК — больш чым на 10%.

З сярэдзіны сакавіка, калі на рынку пачалося падзенне, індэкс Маскоўскай біржы страціў 20%, а адносна пікаў 2024 года, калі Уладзімір Пуцін пачынаў перамовы з Дональдам Трампам, — 30%. «Кардынальна змяніць сітуацыю можа толькі геапалітыка, бо ўсе астатнія фактары — толькі вынік уведзеных санкцый і абмежаванняў», — пішуць аналітыкі «Вектар Капітал».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках