У Мінску адкрылася незвычайная кавярня з рэцэптамі з Палесся
- 16.06.2026, 14:34
- 1,144
У харчэўні падаюць верашчаку, бульбяную каўбасу, клёцкі і жур..
У Мінску з'явілася новая атмасферная кавярня беларускай кухні. Яна знаходзіцца ў Ракаўскім прадмесці і называецца «Палюшкі». Шмат якія стравы з меню гатуюцца паводле рэцэптаў знакамітай Алены Браніславаўны, гаспадыні аднайменнай харчэўні ў Тураве.

Установа адкрылася літаральна некалькі дзён таму па адрасе: г. Мінск, вул. Віцебская, 7.
— Брэнд-кухар «Палюшак» Юрый Сарока ездзіў у Тураў і вучыўся ў Алены Браніславаўны. А потым яна прымала ў яго экзамен, — расказала журналістам Onlíner маркетолаг Паліна.

Алена Браніславаўна — кухарка і папулярызатарка традыцыйнай беларускай кухні, блогерка з аўдыторыяй больш за 50 тыс. падпісчыкаў. У сябе ў Тураве Алена гатуе толькі па папярэднім запісе і перадзаказе. Але цяпер яе верашчаку, бульбяную каўбасу і іншыя «смакоткі» можна паспрабаваць проста ў цэнтры Мінска.
— Мне ніколі не шкада дзяліцца з людзьмі, якія будуць папулярызаваць беларускую кухню і паказваць людзям, што беларуская кухня — гэта не толькі дранікі. Што можна нагатаваць шмат усяго вельмі-вельмі смачнага, неяк і абыграць па-сучаснаму, але смак усё роўна пакінуць аўтэнтычны. Мне вельмі радасна і прыемна, што нейкія стравы, якія я гатую ў сябе ў печы, будуць гатавацца на вашай кухні. І мінчане, і госці змогуць пачаставацца імі і сказаць сваё «ваў!», — звяртаецца да будучых гасцей Алена Браніславаўна.
Адкуль такая назва? «Палюшкі — гэта рытуальная палеская страва, булачка на адзін кусь, якую падавалі на ўсе святы», — тлумачыць Алена Браніславаўна.
У меню шмат традыцыйных беларускіх страў: напрыклад, клёцкі, бабка, верашчака, жур і г. д.

— Што да інтэр'еру, дык яго прадумвала Марына Фядотава — наш рэстаратар. Кветкі ў нас паўсюль: на шторах, на печы, на сталах. Хацелася дадаць фарбаў у пахмурныя дні, якіх у нас, у Беларусі, даволі шмат, — адзначаюць у «Палюшках».