16 чэрвеня 2026, aўторак, 17:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эрфан Кудусаў: Крым стане пасткай для расійскай арміі

Эрфан Кудусаў: Крым стане пасткай для расійскай арміі
Эрфан Кудусаў

Блакада паўвострава можа прывесці да масавага зыходу акупантаў.

Што чакае акупаваны Крым, калі ЗСУ перарэжуць спалучэнне і праз Чонгар, і праз Керчанскі мост, а марская блакада паўвострава будзе ўзмоцненая? Такое пытанне сайт Charter97.org задаў вядомаму грамадскаму актывісту, аднаму з лідараў крымскататарскага народа Эрфану Кудусаву:

— Калі браць з ваеннага пункта гледжання, узнікнуць праблемы з пастаўкамі ўзбраення для групоўкі РФ, бо Узброеныя сілы Украіны выбіваюць ключавыя пункты СПА. Асабовы склад акупацыйных войскаў нікуды ўцячы не здолее, ён апынецца ў пастцы.

Што да грамадзянскага насельніцтва, голаду, вядома, не будзе. Я не думаю, што будзе голад, бо запасы даволі вялікія, ёсць харчы, у Крыме шмат што вырошчваецца, там ёсць рэзервы. Але ўжо бачна, што асартымент цяпер моцна скарачаецца, асабліва па таварах першай неабходнасці. Калі нешта такое адбываецца, насельніцтва былога Савецкага Саюза, звыклае да такіх дэфіцытаў, ужо разумее, што месцамі няма солі, макарон, кансерваў і гэтак далей.

Большыя праблемы будуць у прыезджых і тых, хто не ўкаранёны ў Крыме. Чаму? Яны там не звязаныя ні сваяцкімі, ні сяброўскімі, ні іншымі сацыяльнымі сувязямі. Мясцовае насельніцтва, і асабліва крымскататарскае, адчувае сябе нармальна і прывыкла да такіх праблем. Яшчэ з 90-х гадоў, калі крымскія татары пераязджалі ў Крым і ніякай падтрымкі не было, даводзілася спадзявацца толькі на сябе. У многіх ёсць агароды, таму голаду не будзе.

Але калі ў такіх тэмпах працягнецца блакада Крыму з усіх бакоў, у тым ліку і марская, бо мы ведаем, што пастаўкі морам на паромах яшчэ крыху ідуць, то ў цэлым Крым апынецца ў становішчы пасткі для расійскай акупацыйнай арміі і расійскіх уладаў.

Тады магчымы масавы зыход акупантаў на караблях, параходах, катэрах. Такія выпадкі ў гісторыі Крыму ўжо вядомыя: калі ў першую чаргу партыйна-намэнклятурнае кіраўніцтва Крыму ўцякала з Севастопаля, калі немцы падчас Другой сусветнай вайны заходзілі ў Крым, яно кінула насельніцтва і ўцякло.

У прынцыпе, такія сігналы мы ўжо бачым і чуем і цяпер ад вышэйшага каманднага складу расійскіх акупацыйных войскаў, што знаходзяцца ў Крыме. Маю на ўвазе, што афіцэры сярэдняга і вышэйшага звяна, ды і ніжняга дзе-нідзе, ужо пачынаюць вывозіць сем'і. Хтосьці ўжо вывез, вывозяць маёмасць, пераводзяць сродкі на мацярык, разумеючы, чым гэта ўсё пагражае.

Але на бліжнім гарызонце пакуль гэтага няма. Думаю, калі больш за 2–3 месяцы будзе працягвацца такая нарастаючая дзейнасць ЗСУ па блакадзе Крыму, тады мы ўжо ўбачым практычныя вынікі. Цяпер, мне здаецца, пра гэта яшчэ рана казаць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках