«Свіслач можа здзіўляць»
1- 10.06.2026, 9:34
- 1,658
Уражлівы рэпартаж пра сплаў на байдарках па Мінску.
Сплавіцца на байдарках пасля працоўнага дня? А чаму б і не! Сезон летніх прагулак па Свіслачы адкрыты.
Гарадская рака здзіўляе сваёй нечаканай дзікасцю і прыгажосцю. Журналісты Onlíner паўдзельнічалі ў сплаве «Вочы Мінска» — і цалкам адключыліся ад будняў і мітусні. На тры гадзіны яны забыліся пра тое, што знаходзяцца ў вялікім горадзе, і пра тое, што заўтра (у кагосьці з нас) дзяжурства і планёрка. А гэта ўжо пра нешта ды сведчыць! Дзелімся ўражаннямі і атмасфернымі фотаздымкамі ў нашым рэпартажы.
«Убачылі ракаў каля парку Горкага і зразумелі, што Свіслач можа здзіўляць»
Вечар серады, на гадзінніку 18:30. На прычале каля спартынога комплексу «Дом веславання» збіраюцца людзі. Частка з іх — у чырвоных шапачках. Гэта інструктары «Сіці Сплаву», якія паплывуць з намі і будуць сачыць за бяспекай удзельнікаў на вадзе.

Сонца слепіць вочы, яно яшчэ высока. Але захад сонца сёння сустрэнем проста на вадзе. Рамантыка!
Арганізатары сплаву — Андрэй і Анастасія Міхайлавы — праводзяць прагулкі на байдарках ужо больш за 16 гадоў. Усё пачалося з карпаратыўных фарматаў, а два гады таму сужэнцы пачалі рабіць гарадскія сплавы па Мінску для зборных груп.
— «Сіці Сплаў» нарадзіўся як карпаратыў для ўласнай каманды, а потым нам захацелася падзяліцца гэтым з іншымі. Свіслач можа здзіўляць — мы зразумелі гэта, калі ўбачылі ракаў каля парку Горкага. Мы прайшлі па вадзе праз увесь Мінск, да самай Чыжоўкі, і выбралі ўчастак, які падаецца нам самым прыгожым — лясапарк Дрозды. Тут шыкоўны мікс гарадскіх пейзажаў і лясных джунгляў — поўнае пагружэнне ў прыроду без выезду з горада. І яшчэ — вялікая колькасць відаў птушак, — распавядае Анастасія Міхайлава.

Надзяваем ратавальныя камізэлькі і ідзём слухаць, што нас сёння чакае.
— Наш маршрут — кругавы, ён складзе прыблізна 8 кіламетраў: 4 у адзін бок, 4 у другі. Да канчатковай кропкі — вадаспаду ў парку Дрозды — мы будзем плыць супраць цячэння, а назад — ужо па цячэнні. І памятайце: мы сёння адпачываем, у нас няма мэты, ёсць толькі шлях. Плывіце ў тым тэмпе, які вам даспадобы. Ніхто вас падганяць не будзе. У сярэднім прагулянка зойме два-тры гадзіны разам з чаяпіццем на вадаспадзе, — уводзіць у курс справы Андрэй Міхайлаў.

Потым праходзім інструктаж па тэхніцы бяспекі на вадзе — і… па конях! То-бок па байдарках. Камерная група з 22 чалавек, уключаючы інструктараў, адпраўляецца ў шлях.
— Сёння нас будуць здымаць адразу двое. Адзін з іх — Влад, фатограф Onlíner, яго фота пазней увайдуць у рэпартаж. Другая — фатограф дзікай прыроды Інна Шкурко, яна ўжо не першы раз з намі на сплаве. Здымкі, якія будзе рабіць Інна, застануцца вам для асабістых архіваў. Калі хто з вас супраць здымак, дайце ведаць, — паведамляюць арганізатары.
Ніхто не пярэчыць, а гэта значыць, што ў ўдзельнікаў застанецца мноства яскравых кадраў са сплаву.
Аўдыягід у кожнай лодцы і міфолаг на сплаве
Надвор’е яснае і амаль бязвятровае, веслы няспешна рассекваюць водную гладзь. Вакол не змаўкаюць галасы птушак, а нашы лодкі ўвайшлі ў сапраўдны «зялёны калідор». Шчыльная расліннасць уздоўж берагоў Свіслачы абступіла з усіх бакоў, і тануць у ёй — адно задавальненне.
У кожнай байдарцы ёсць аўдыягід, атэставаны Нацыянальным агентствам па турызме. Таму, праплываючы па цёмных водах Свіслачы, мы слухаем гісторыі пра тое, каго лавілі ў рацэ 150 гадоў таму, якія скарбы знаходзілі на яе дне, адкуль тут наогул узялася вада і яшчэ шмат усяго цікавага. Напрыклад, даведваемся, што, аказваецца, Свіслач таксама разлівалася — і неаднаразова!

Інфармацыю для аўдыягіда Анастасія і Андрэй збіралі разам з вопытным гідам-вандроўнікам, а рэцэнзентам тэксту стаў кандыдат гістарычных навук, міфолаг Дзмітрый Скварчэўскі. Матэрыялы можна паслухаць на дзвюх мовах: рускай і англійскай. Таксама рыхтуецца версія на нямецкай.
Дарэчы, і Дзмітрый таксама ў адной з лодак, таму сёння маем магчымасць паслухаць легенды і міфы Мінска ўжывую.
Зусім побач з намі праплывае сям’я крякваў — бацькі і маленькія качаняты. Здаецца, працягні руку — і можна будзе дакрануцца да іх мяккага пуху. Але мы гэтага не робім: не хочам спалохаць птушак.

Над галавой схіліліся галіны дрэў — у адным месцы яны ўтварылі так званыя эльфійскія вароты. Праплываючы праз іх, можна загадаць жаданне — арганізатары кажуць, што ўсё абавязкова збудзецца. Вакол сапраўдныя «беларускія джунглі» — увогуле не верыцца, што мы ў Мінску. Здаецца, што мы знаходзімся дзесьці вельмі далёка ад сталіцы. Людзей на беразе зусім мала, а тыя, што ёсць, махаюць нам рукамі і пытаюцца, як справы. Адчуваем сябе сапраўднымі мараплаўцамі.

Прыбліжаемся да тых самых «Вочаў Мінска», а менавіта да маляўнічага каменнага моста ў лясапарку Дрозды. Узровень вады дазваляе праплысці проста пад ім. Так бывае не заўсёды, але сёння нам шанцуе ва ўсім.
Кубышкі, бабры, чаплі — «кожны раз тут нешта новае»
Нарэшце прыпынак. Да гэтага часу мы паспяваем крыху стаміцца, але гэта не крытычна. Маршрут прадуманы так, каб людзі маглі расслабіцца пасля працоўнага дня, а не яшчэ больш напружыцца.

Збіраемся ўсе разам непадалёк ад вадаспаду ў Дроздах. Андрэй разлівае траўяны чай, Анастасія частуе хатнім печывам. Мы кайфуем ад смачнай ежы, казачных краявідаў і нязмушаных размоў. А яшчэ — ад таго, што не трэба веславаць.

Дзмітрый распавядае гісторыю апошняга язычніцкага капішча Мінска, а мы ўжо складаем планы на выхадныя: святы камень Дзед з гэтага месца цяпер можна знайсці ў Музеі валуноў — хочацца на яго паглядзець!
Справа ідзе да захаду, вакол нейкая таямнічая атмасфера. Здаецца, калі недзе паблізу мільгане хвост вадзяніка, ніхто не здзівіцца.
Вяртацца значна прасцей: дапамагае цячэнне, ды і мы «заправіліся» прысмакамі, дык што сіл пабольшала.
— Глядзіце, бабёр! Бабёр паплыў! Во, во ён! — эмацыйна паведамляюць з суседняй лодкі.
Паспяваем заўважыць толькі гладкую спіну і разводы на вадзе.
Неба паступова ружовее, але мы нікуды не спяшаемся. Да фінішу ўжо зусім блізка, вон ужо відаць шматпавярхоўкі. Пасля нашай прагулкі яны здаюцца нечым ненатуральным: як маглі вырасці такія будынкі ў дзікай прыродзе?

Не спяшаемся, атрымліваем асалоду ад моманту, любуемся кубышкамі — іх тут вельмі шмат.
Калі выходзім на сушы, паспяваем пагаварыць з удзельнікамі «Сіці Сплаву». Некаторыя з іх, дарэчы, тут не ўпершыню.
— Я была на гэтым жа маршруце ў ліпені і ў жніўні. У чэрвені вось упершыню. І адны і тыя ж месцы ўспрымаюцца зусім па-рознаму! На пачатку лета іншыя колеры, фарбы, асвятленне, гэтыя кубышкі ўсюды, птушкі… Сёння, напрыклад, я бачыла перавозчыка (птушка з сямейства бекасавых. — Заўв. Onlíner), а яшчэ назірала, як палюе крачка, — дзеліцца ўражаннямі Каця.

— Найцікавейшае, што ты знаходзішся ў горадзе, а адчуванне такое, быццам з’ехаў кудысьці далёка, на Прыпяць, напрыклад. І кожны раз нешта новае. Падчас папярэдняга сплаву мы бачылі шэрую чаплю, а сёння — бабра, — дадае Лена.

Развітаўшыся з удзельнікамі і арганізатарамі сплаву, разумеем, што спаць сёння будзем вельмі моцна. Па целе разліваецца прыемная стома, перад вачыма ўсё яшчэ мільгаюць карцінкі: во байдаркі хаваюцца ў зялёным лісці, а во над галавой праляцела чайка, зусім побач шуміць вадаспад. Гарадская прырода таксама цудоўная — важна ўмець яе заўважаць.
«Сіці Сплавы» праходзяць прыкладна два разы на месяц. З іх праграмай і коштам можна пазнаёміцца ў сацсетках арганізатараў.