«У беларусаў будзе магчымасць гэтым скарыстацца»
2- 10.06.2026, 10:53
- 2,378
Вайна можа змяніць сітуацыю.
Былы пасол Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка лічыць, што вайна ва Украіне можа прынесці змены ў Беларусь. Гэтае меркаванне польскі дыпламат выказаў у інтэрв’ю сайту Charter97.org:
— Шчыра кажучы, я не бачу магчымасці, каб цяпер вырашыць праблему мірным шляхам. Мірна, напэўна, не атрымаецца да таго часу, пакуль у Расіі будзе Пуцін і ён будзе весці вайну супраць Украіны. Калі нехта вядзе вайну, для яго вельмі важна, каб дзесьці на флангах, ззаду быў парадак і спакой. Таму Расія ні ў якім разе не дапусціць, каб без яе згоды нешта змянілася ў Беларусі.
Яны могуць думаць пра тое, каб замяніць Лукашэнку на кагосьці іншага, але я заўсёды кажу, што ёсць такая прымаўка: канёў на пераправе не мяняюць. Мірнага шляху я не бачу. Памятаеце, якая была мабілізацыя шэсць гадоў таму пасля выбараў? На вуліцы выходзілі сотні тысяч людзей. І ўсё роўна не атрымалася.
Але цяпер часы змяніліся. З аднаго боку, Расія больш занятая тым, каб кантраляваць Беларусь, але ў Лукашэнкі ёсць нейкае поле для манеўру. Не ведаю, наколькі ён гэта выкарыстоўвае, ці будзе ў стане гэтым скарыстацца. З другога боку, сотні тысяч людзей пакінулі Беларусь — самых актыўных, самых празаходніх. Гэта крыху негатыўна паўплывала на тэндэнцыі ў самой Беларусі.
Цяпер умовы горшыя, чым было шэсць гадоў таму. Але цяпер ідзе вайна, а, вы ведаеце, вайна мае сваю дынаміку, усё можа хутка змяніцца. Але калі ўсё змяніцца, можа стацца так, што змяніцца ў лепшы для вас бок, і будзе магчымасць гэтым скарыстацца.