Пашынян адмовіўся ехаць да Пуціна на парад Перамогі
8- 7.05.2026, 13:58
- 2,822
Фота: Getty Images
Пуцін можа застацца амаль адзін на Чырвонай плошчы.
Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян паведаміў у чацвер, што не прыедзе ў Маскву на парад Перамогі 9 мая, перадае News.am. «Падчас візіту ў Расію ў красавіку я паведаміў пра гэта прэзідэнту гэтай краіны [Уладзіміру Пуціну]», — сказаў ён журналістам. Прычынай гэтага рашэння Пашынян назваў неабходнасць удзелу ў перадвыбарчай кампаніі перад выбарамі ў Нацыянальны сход Арменіі, запланаванымі на 7 чэрвеня.
Армянскі прэм’ер, які ўзяў курс на збліжэнне з ЗША і Еўрасаюзам і абвясціў пра будучы выхад рэспублікі з кантраляванага Крамлём АДКБ, раней ужо прапускаў парад на Чырвонай плошчы. У 2024 годзе ён тлумачыў гэта тым, што кіраўнік Арменіі не павінен штогод прыязджаць у Маскву 9 мая. У 2023-м і 2025-м Пашынян быў сярод гасцей на парадзе і ўскладаў кветкі да Магілы Невядомага Салдата.
Сёлета парад у Маскве, які ўпершыню з 2007 года будзе праводзіцца без ваеннай тэхнікі з-за пагрозы прылёту ўкраінскіх дронаў, павінны наведаць некалькі замежных лідараў, піша «РИА Новости». Аднак у Крамлі пакуль не назвалі поўны спіс гасцей, якія згадзіліся прыбыць. Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў адзначаў, што ён будзе абвешчаны «бліжэй да свята».
Акрамя прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка Малайзіі Султана Ібрагіма у Маскву павінен прыляцець прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіцо. Палітык адзначаў, аднак, што не збіраецца прысутнічаць на парадзе Перамогі. Паводле слоў славацкага лідара, ён мае намер ускласці кветкі да Магілы Невядомага Салдата і правесці сустрэчу з Пуціным.
У мінулым годзе ў Маскву на 80-ю гадавіну Перамогі прыязджалі, у тым ліку, лідар Кітая Сі Цзіньпін, а таксама Фіцо і прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч. Усяго пра свой прыезд у Расію пацвярджалі 27 лідараў краін, уключаючы непрызнаныя і часткова прызнаныя рэгіёны. Ад удзелу ў апошні момант адмовіліся кіраўнікі Азербайджана і Лаоса Ільхам Аліеў і Тхонглун Сісуліт.