У Беларусі працягнуцца «сюрпрызы» надвор'я
2- 28.05.2026, 14:53
- 5,080
Сіноптыкі паведамілі пра сітуацыю ў пятніцу.
Белгідрамет чарговы раз на гэтым тыдні абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі. У пятніцу, 29 мая, гэта звязана з моцным ветрам. За мінулыя суткі ён ужо паваліў сотні дрэў па ўсёй краіне.
«Раніцай і ўдзень 29 мая (пятніца) у многіх раёнах рэспублікі і ў Мінску чакаецца ўзмацненне паўночна-заходняга ветру парывамі 15–20 м/с», — гаворыцца ў папярэджанні сіноптыкаў.

Адзначаецца, што 29–31 мая надвор'е ў Беларусі будзе вызначаць халодная неўстойлівая паветраная маса, якая паступае з паўночнага захаду Еўропы. 29 мая, акрамя ветру, па ўсёй краіне чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы ў асобных раёнах. Уначы +3…+8°С, удзень ад +8°С на паўночным усходзе да +19°С на паўднёвым захадзе. 30 мая сітуацыя з ападкамі тая ж, уначы +3…+10°С, удзень +11…+16°С, на захадзе да +23°С. У нядзелю, 31 мая, зона дажджоў у краіне паменшыцца, навальніц не прагназуецца. Уначы +2…+9°С, максімальная тэмпература ўдзень +12…+18°С; на захадзе ўначы +10…+12°С, удзень +19…+23°С.
Нагадаем, 27 мая моцны вецер паваліў у краіне як мінімум 229 дрэў, у выніку пашкоджаны 13 аўто. Таксама былі пашкоджаны дахі двух жылых дамоў і яшчэ васьмі пабудоў. З-за шквалістага ветру і дажджу без святла заставаліся амаль 300 населеных пунктаў.