МЗС Літвы: Санкцыі супраць беларускага калію будуць дзейнічаць
- 26.05.2026, 10:19
Рашэнне прыняў Еўрасаюз.
Літва вядзе з ЗША перамовы аб транзіце беларускага калію. Аднак яшчэ амаль год будуць дзейнічаць санкцыі ЕС на гэтыя пастаўкі. Так міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс пракаментаваў звесткі пра неафіцыйны ліст Дзярждэпа ЗША.
Раней паведамлялася, што Злучаныя Штаты прапанавалі Літве, Польшчы і Украіне зняць санкцыі з паставак беларускіх калійных угнаенняў і пралабіяваць зняцце гэтых санкцый у Еўрасаюзе.
«Магу пацвердзіць, што мы вядзём перамовы з ЗША на гэтую тэму. Гэтае пытанне стаіць на парадку дня, мы ўлічваем розныя меркаванні. Аднак хачу адзначыць, што да наступнага года — канца лютага 2027 года — санкцыі супраць Беларусі дзейнічаюць у дачыненні да калійных угнаенняў, няма ніякіх спосабаў, сродкаў або падстаў пераглядаць што-небудзь на ўзроўні Еўрапейскага саюза. Гэта не толькі пазіцыя Літвы — гэта еўрапейская пазіцыя. Калі будуць такія дыскусіі або калі будуць такія дыскусіі аб падаўжэнні санкцый, вядома, мы будзем улічваць усе меркаванні нашых партнёраў», — перадае LRT адказ Будрыса.
Ён не пацвердзіў, што Літва атрымала ліст Дзярждэпа ЗША. Міністр толькі сказаў, што Літва мае «розныя адносіны з Дзяржаўным дэпартаментам або іншымі ўстановамі ЗША».
Пры гэтым Будрыс падкрэсліў, што рашэнне аб санкцыях было не на ўзроўні адной дзяржавы — яго прыняў Еўрасаюз: «Гэта не нацыянальнае рашэнне. Гэта нават не рашэнне дзяржаў рэгіёна, якія мяжуюць з Беларуссю: Латвіі, Польшчы, Літвы. Нават калі мы ўтраіх прымем рашэнне, гэта нічога не будзе значыць. Для прыняцця любога іншага рашэння патрэбна аднагалоснасць 27 дзяржаў».
Разам з тым ён заявіў, што не бачыць сэнсу на дадзены момант пашыраць санкцыі: «На маю думку, разглядаць штосьці цяпер, не маючы для гэтага юрыдычных і палітычных умоў, — гэта марнаванне часу».