Света 0,03 %
41- Наталля Радзіна
- 20.05.2026, 14:14
- 51,560
Беларусы вынеслі прысуд палітычным блазнам і самазванцам.
Два гады таму я напісала, што офіс Святланы Ціханоўскай дасягнуў дна сваімі «выбарамі» у так званы каардынацыйны савет. Але сёнешняя элекцыя паказала, што гэтыя персанажы сталі поўнымі маргіналамі.
Калі мінулы раз у авантуры прынялі ўдзел і прагаласавалі 6700 чалавек з амаль 7 мільёнаў беларускіх выбарцаў, дык цяпер — 2100, гэта значыць 0,03 працэнта. Не дапамагло нічога: ні істэрычныя заклікі Ціханоўскай, Латушкі і іх падначаленых, ні інфармацыйнае абслугоўванне з боку сервільных медыяў, ні вялікія грошы на рэкламу, у тым ліку ў расійскіх блогераў.
Вынік цалкам заканамерны, улічваючы, што офіс Ціханоўскай і яго падшэфныя НДА даўно страцілі давер беларусаў праз шматлікія скандалы, падазрэнні ў карупцыі, нядбайнасць пры працы з данымі, з-за чаго многія з іх апынуліся ў руках беларускіх спецслужбаў, а таксама інфільтраванасць агентурай. Чаго варты адзін выпадак спікеркі папярэдняга «каардынацыйнага савета» Анжалікі Мельнікавай, якая аказалася супрацоўніцай КДБ і збегла ў Мінск з грантавымі грашыма.
Беларусы вынеслі прысуд палітычным самазванцам і блазнам і прагаласавалі нагамі. Усё заканамерна. Уражвае толькі адно: бяссорамнасць і нахабства людзей, якія называюць сябе лідарамі беларускай апазіцыі. Раздуты ад важнасці былы чыноўнік Павал Латушка горда абвясціў сябе пераможцам «выбараў»: за яго прагаласавалі 42 працэнты ад 0,03 працэнта тых, хто ўзяў удзел у гэтым фарсе. Я не палянілася падлічыць: за Латушку і ягоных паплечнікаў прагаласавалі цэлыя 0,0126% беларусаў!
Увогуле, гэтым разам было прыкметна, наколькі складана офісу Ціханоўскай было знайсці ўдзельнікаў псеўдавыбараў. Прыстойныя і разумныя людзі адмовіліся браць удзел у гэтай клоўнадзе. Па большай частцы на гэта пайшлі тыя, хто спадзяецца на заходнія гранты, і бяздзельнікі, што не жадаюць ісці працаваць, і, дапускаю, невялікая частка наіўных людзей. Хоць, здавалася б, да 2026 года ўжо да ўсіх дайшло, што гэты савет нічога не каардынуе і ні на што не ўплывае.
Цяжка назіраць, як транжырацца заходнія грошы, якія маглі б пайсці не на камфортнае жыццё Ціханоўскай і Латушкі, іхнія бессэнсоўныя і бескарысныя «кабінеты» і «саветы», а на дапамогу шматлікім уцекачам, палітвязням, незалежным медыям. Столькі людзей, выкінутых або вымушаных уцякаць з Беларусі, сёння маюць патрэбу ў рэальнай дапамозе.
Як не сорамна столькі гадоў на фоне пакут простых людзей выстаўляць з сябе «прэзідэнтаў», «міністраў», «дэпутатаў»? Уражанне поўнай калькі з Лукашэнкі і ягонай хунты. Розніцы, калі і былі, дык да сёння сцерліся.
І напрыканцы пра іронію лічбаў. У 2020 годзе за Лукашэнкам з-за мізэрнай падтрымкі ў перадвыбарных апытаннях замацавалася мянушка «Саша 3 працэнты». Праз 6 гадоў ягоная выпадковая візаві Ціханоўская праз уласную дурноту і баязлівасць і з дапамогай бездарнага асяроддзя дакатілася да падтрымкі ў 0,03 працэнта. З чым і віншую.
Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org