Пісторыус: Пуцін хоча адвесці ўвагу ад уласнай слабасці
2- 11.05.2026, 18:18
- 2,800
Нямецкі міністр падкрэсліў, што канфлікт можна скончыць вельмі проста.
Расійскі дыктатар Пуцін сваімі заявамі пра хуткае заканчэнне вайны ва Украіне спрабуе адвесці ўвагу ад уласнай слабасці.
Пра гэта міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус сказаў падчас прэс-канферэнцыі з украінскім калегам Міхайлам Фёдаравым.
Ён адзначыў, што менавіта ад кіраўніка Крамля залежыць спыненне вайны і тэрору мірнага насельніцтва Украіны.
«Я лічу, што Пуцін сваімі паводзінамі цяпер хоча адвесці ўвагу ад уласнай слабасці. На дадзены момант ён наўрад ці можа пахваліцца тэрытарыяльнымі дасягненнямі. Ягоная армія зноў і зноў страчвае часткі захопленых тэрыторый», — сказаў Пісторыус.
Кіраўнік нямецкага Мінабароны адзначыў, што расійскі дыктатар мог бы проста завяршыць вайну ва Украіне, калі б сапраўды бачыў канец канфлікту.
«У любога ўважлівага назіральніка адразу ўзнікае пытанне: калі ён сапраўды бачыць канец гэтай вайны, дык мог бы проста яе завяршыць? Тады момант заканчэння быў бы цалкам у ягоных руках. Але пры гэтым ён зноў выстаўляе ўмовы — як і заўсёды», — адзначыў ён.
Пісторыус выказаў занепакоенасць тым, што заявы дыктатара з'яўляюцца чарговым манеўрам дзеля ўвядзення ў зман і часткай гібрыднай вайны Расіі. Ён дадаў, што на працягу апошніх гадоў кожны раз, калі ішла гаворка пра спыненне агню або мір, Пуцін урэшце паводзіў сябе зусім інакш, чым было дамоўлена.
«Праўда ў тым — і я не стамлюся гэта паўтараць, — што калі б Уладзімір Пуцін хацеў спыніць сваю захопніцкую вайну супраць Украіны, ён мог бы зрабіць гэта вельмі проста: вывёўшы свае войскі або запрасіўшы да прадметных перамоў без папярэдніх умоў», — падкрэсліў Пісторыус.