«Сказалі на працягу 30 дзён пакінуць краіну»
- 11.05.2026, 19:09
- 1,640
Беларусам з картай паляка адмовілі ў відзе на жыхарства ў Польшчы, але ім удалося пераканаць чыноўнікаў.
У Алены і Марыі польскія карані. Абедзве прыехалі ў Польшчу з Беларусі з картай паляка і былі ўпэўненыя, што на гэтай падставе хутка атрымаюць дазвол на пастаяннае пражыванне. Але ў відзе на жыхарства абедзвюм адмовілі. Як яны дамагаліся станоўчага рашэння, жанчыны расказалі MOST.
«Чым вам карта паляка не аргументацыя?»
Алена атрымала сваю першую карту паляка — дакумент, што пацвярджае прыналежнасць да польскай нацыі, — у 2013 годзе ў Мінску. У пасведчанні аб нараджэнні яе дзядулі абодва бацькі былі запісаныя палякамі — на гэтай падставе яна і атрымала дакумент.
У 2022 годзе беларуска пераехала ў Польшчу і падала дакументы на пастаянны від на жыхарства па карце паляка ў Варшаве.
У чэрвені 2022 года яе запрасілі здаць адбіткі пальцаў і паказаць арыгіналы дакументаў. Але пасля гэтага справа надоўга «завісла».
— Я перыядычна заходзіла ў сістэму InPOL (анлайн-сэрвіс Мазавецкага ваяводства, дзе можна адсочваць статус справы па легалізацыі знаходжання. — Заўв.) і бачыла, што ніякіх змен няма. Тады ўжо ўсе ведалі, што тэрміны разгляду моцна зацягваюцца.
Восенню 2022 года Алена атрымала адмову.
— У лісце было напісана: «Недастаткова аргументацыі». Я тады падумала: а чым вам карта паляка не аргументацыя?
Да таго моманту Алена ўжо адкрыла ІП і разам з апеляцыяй адправіла дакументы пра працу і выплату падаткаў.
Пакуль чакала, тэрмін дзеяння карты паляка скончыўся
Апеляцыю разглядалі больш за год. Напрыканцы 2023 года жанчыне прыйшло патрабаванне данесці поўны пакет дакументаў нанова, уключна з дзейснай картай паляка. Але да таго часу тэрмін першай карты ўжо скончыўся.
— Я не падаўжала яе, бо была ўпэўненая, што пасля атрымання сталага побыту карта паляка ўжо не спатрэбіцца. І нідзе не было напісана, што карта паляка павінна быць дзейснай менавіта на момант вынясення рашэння, а не на момант падачы.
У сакавіку 2024 года Алена атрымала другую адмову. У рашэнні было ўказана, што яна не прадставіла дзейсную карту паляка.
— Мне сказалі на працягу 30 дзён пакінуць краіну.
Беларуска падала скаргу ў суд, але прайграла.
— Суд сказаў прыкладна наступнае: «Вам паведамілі данесці дзейсную карту, чаму вы яе не падаўжылі?»
Спроба нумар два
Тады Алена выехала ў Беларусь, атрымала новую візу, вярнулася ў Польшчу і зноў падала заяву на пастаянны від на жыхарства — але гэты раз не па карце паляка, а проста па польскіх каранях. Паралельна вырашыла атрымаць і новую карту паляка.
Да сумоўя яна рыхтавалася некалькі месяцаў і паспяхова яго прайшла. Але неўзабаве зноў атрымала адмову.
— Мне напісалі, што мае веды гісторыі і культуры добрыя, але пасведчанне аб нараджэнні — дублікат, выдадзены не ў СССР, таму немагчыма праверыць яго сапраўднасць.
Жанчына падала апеляцыю. А тым часам дайшла чарга на сумоўе для новай карты паляка.
— Пан інспектар адразу папярэдзіў, што з такімі дакументамі могуць зноў адмовіць. Сказаў, што ёсць практыка апеляцый праз польскія арганізацыі за мяжой або што можна паспрабаваць падацца ў Беластоку.
Але ў выніку рашэнне аказалася станоўчым.
— Перад Новым годам я атрымала новую карту паляка на 10 гадоў. Не магла паверыць.
Пасля гэтага Алена адправіла ў другую інстанцыю, якая разглядала апеляцыю на адмову ў відзе на жыхарства, ліст з просьбай змяніць падставу разгляду справы — ужо як уладальніца дзейснай карты паляка.
У маі 2025 года яна нарэшце атрымала сталы побыт.
— Уся гэтая гісторыя заняла тры гады. Калі коратка: адмова, апеляцыя, адмова. Новая падача — адмова, апеляцыя, новая карта паляка і толькі потым станоўчае рашэнне, — апісвае яна свой шлях.
«У мяне пачалася істэрыка»
Марыя падала заяву на сталы побыт у Варшаве летам 2024 года. У яе была карта паляка, да справы яна таксама далучыла дамову арэнды жылля і працоўную дамову (umowa zlecenie).
— Літаральна за месяц да гэтага мой знаёмы з такім жа наборам дакументаў атрымаў станоўчае рашэнне. Таму я не чакала праблем.
Пры падачы дакументаў Марыя спецыяльна ўдакладніла, ці трэба нешта данесці.
— Мне сказалі, што пакуль усяго дастаткова і, калі будуць пытанні, дашлюць ліст. Але ніякага ліста я не атрымала.
А ў кастрычніку 2024 года жанчыне прыйшла адмова.
— У рашэнні напісалі, што ў мяне недастаткова намераў асесці ў Польшчы. І што я не данесла ключавыя дакументы.
Марыя ўспамінае, што адкрывала ліст проста на пошце.
— У мяне пачалася істэрыка. Віза заканчвалася праз пару месяцаў, а ў Беларусь я паехаць не магла. Я вельмі баялася, што мяне проста прымусяць з'ехаць.
Дакументы згубіліся ў другой інстанцыі
Беларуска звярнулася па дапамогу да юрысткі з Цэнтра беларускай салідарнасці.
Па словах Марыі, з такой адмоваю юрыстка сутыкнулася ўпершыню, бо звычайна наяўнасці працы, арэндаванага жылля і самой карты паляка дастаткова для станоўчага рашэння.
Юрыстка дапамагла падрыхтаваць апеляцыю. Дадаткова Марыя далучыла даведку аб паступленні ў паліцэальную школу — установу прафесійнай адукацыі дарослых, каб і гэтым паказаць «намер асесці ў Польшчы».
Некалькі месяцаў адказу не было. За гэты час дзяўчына абнавіла дамову арэнды і адправіла новыя дакументы. Але высветлілася, што ў другой інстанцыі іх не атрымалі. Давялося нанова збіраць, натарыяльна засведчваць і высылаць паўторна ўсе дакументы, бо папярэднія «згубіліся».
Асобна ужонд папрасіў даказаць, што Марыя сапраўды вучыцца ў паліцэальнай школе.
— У школе самі не ведалі, што можна прадставіць як пацвярджэнне. У выніку проста раздрукавалі мае адзнакі за іспыты.
У маі 2025 года Марыя атрымала станоўчае рашэнне.