Топ-мэнэджара, які абяцаў Пуціну выпускаць сотні тысяч беспілотнікаў у год, арыштавалі
- 11.05.2026, 19:12
- 2,946
Яго абвінавачваюць у махлярстве.
Былы генеральны дырэктар кампаніі «Транспарт будучыні» Юрый Казарэнка, які ў студзені 2025 года дакладваў Пуціну пра планы выпускаць да 300 тысяч дронаў у год, арыштаваны па абвінавачанні ў махлярстве ў асабліва буйным памеры, піша The Moscow Times.
Як паведамляе «Коммерсантъ», раней Свярдлоўскі райсуд Белгарада ўзяў яго пад варту да 28 чэрвеня, а 8 мая Белгародскі абласны суд адхіліў апеляцыйную скаргу адваката. Расследаванне вядзе ўпраўленне МУС па Белгародскай вобласці.
Паводле даных Avia.pro, крымінальная справа звязаная з крадзяжом каля 70 мільёнаў рублёў, выдзеленых на выкананне дзяржаўнага абарончага заказу па вытворчасці беспілотнікаў. Следства лічыць, што Казарэнка датычны да нецэльвага выкарыстання сродкаў: грошы сыходзілі на аплату паслуг афіліяваных арганізацый, якія фактычна не выконвалі работы.
Акрамя таго, «Транспарт будучыні» меў дзяржаўную субсідыю ў 4,5 млрд рублёў на серыйны выпуск 750 беспілотнікаў вертыкальнага ўзлёту і пасадкі, аднак 80% прац субпадрадчык выканаў толькі праз год пасля заканчэння тэрміну кантракта, што і паслужыла падставай для праверкі, адзначае выданне.
Казарэнка — ураджэнец белгародскай вёскі, скончыў Белгародскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Фінансы», з 2012 года працаваў у групе «Эфко», дзе дарос да пасады кіраўніка інавацыйнага цэнтра. У 2022 годзе ўзначаліў «Транспарт будучыні», які заняўся распрацоўкай і вытворчасцю беспілотных сістэм. У 2023-м кампанія запусціла першую чаргу завода ў АЭЗ «Тальяці» (інвестыцыі каля 7 млрд рублёў), а да канца 2024-га заяўляла пра выпуск 100 дронаў у месяц з планамі павялічыць да 250.
У студзені 2025 года Казарэнка сустракаў Пуціна на самарскім прадпрыемстве, паказваў яму ўчасткі распрацоўкі і зборкі і з гонарам рапартаваў пра магчымасць выпускаць да 300 тысяч дронаў штогод, уключаючы «Герані». Тады ж ён удзельнічаў у запуску цэха па вытворчасці ліцій-іённых акумулятараў магутнасцю 20 МВт·г у год (інвестыцыі — 1,3 млрд рублёў), абяцаючы забяспечыць акумулятарамі «мільёны адукацыйных дронаў і сотні тысяч цяжкіх грамадзянскіх БПЛА».