Уцечка паказала, якім будзе фінальны дызайн IPhone 18 Pro і IPhone Ultra
2- 24.04.2026, 16:44
- 1,712
Прэзентацыя чакаецца ў верасні.
Аўтарытэтны інсайдэр Majin Bu апублікаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы X макеты iPhone 18 Pro і Pro Max, а таксама будучай раскладанкі iPhone Ultra.
Вонкавы выгляд прылад не адрозніваецца ад рэндэраў, апублікаваных раней. Гэта можа сведчыць пра тое, што кампанія Apple ужо зацвердзіла фінальную канцэпцыю дызайну і цяпер засяроджаная на дапрацоўцы інжынерных і праграмных рашэнняў, піша NotebookCheck.
Калі iPhone 18 Pro і 18 Pro Max па дызайне амаль не адрозніваюцца ад папярэднікаў, то складаны iPhone выглядае значна цікавей. Уцечка ў чарговы раз пацвярджае, што тэлефон будзе выкананы ў форм-фактары «кнігі» з квадратным корпусам, які лёгка змяшчаецца ў кішэні.
Галоўнай навінкай можа стаць вяртанне Touch ID — сканер адбітка пальца, паводле паведамленняў інсайдэра, будзе ўбудаваны ў кнопку сілкавання на правай грані прылады.
Таксама Apple, зважаючы на макет, перагледзела звыклае размяшчэнне элементаў кіравання. У прыватнасці, кнопкі рэгулявання гучнасці перанеслі на верхнюю грань iPhone. Такі крок тлумачыцца асаблівасцямі форм-фактару: у складзеным і разгорнутым стане прылада арыентуецца па-рознаму, і вытворца імкнецца аптымізаваць выкарыстанне ў рэжыме «міні-планшэта».


На пачатку красавіка з’явіліся паведамленні, што Apple афіцыйна прыступіла да вытворчасці першага складанага iPhone. Навінку павінны паказаць на восеньскай прэзентацыі ў верасні разам з iPhone 18 Pro і 18 Pro Max. Рэліз базавага iPhone 18, а таксама 18e і Air 2 адбудзецца толькі вясной 2027-га.
Раней у інтэрнэце з’явіўся спіс iPhone, якія змогуць абнавіцца да iOS 27. Паводле ўцечкі, Apple збіраецца спыніць падтрымку адразу чатырох папулярных мадэляў.