Экс-старшыня Нацбанка Тамара Віннікава, якая збегла з Беларусі, прадала свой лонданскі дом
6- 22.04.2026, 18:10
- 4,028
Дом ураджэнкі Расіі завешаны карцінамі з яе выявай.
Былая старшыня Нацбанка збегла з-пад хатняга арышту ў 1999 годзе і з таго часу жыла ў Лондане. У 2003 годзе яна купіла дом у ціхім завулку недалёка ад знакамітага стадыёна Уэмблі. Яна пражыла там чвэрць стагоддзя і цяпер прадала дом за $1 мільён, хоць першапачаткова хацела значна больш, піша НН.
77‑гадовая Тамара Віннікава — фігура з далёкага мінулага. Гэта эфектная ўраджэнка Стаўрапальскага краю ўвайшла ў адміністратыўную эліту краіны з прыходам Аляксандра Лукашэнкі да ўлады. Віннікаву лічылі яго галоўнай дарадцай па банкаўскіх і эканамічных пытаннях.

У лютым 1996 года стала старшынёй Нацыянальнага банка.
Праўда, іншыя ключавыя банкаўскія дзеячы і функцыянеры таго часу лічылі Віннікаву выскачкай і звязвалі кар’ерныя поспехі з асабістымі, а не прафесійнымі якасцямі.

Як бы там ні было, зорка Віннікавай імкліва згасла. Жанчыну арыштавалі на пачатку 1997 года па абвінавачанні ў карупцыйных злачынствах. Проста пасярод нарады з Лукашэнкам яе запіскай выклікалі ў суседні кабінет, з якога ўжо павезлі ў СІЗА КДБ.
Віннікава правяла там у адзіночнай камеры 10 месяцаў, пасля чаго яе перавялі пад хатні арышт. Адтуль яна і збегла ў красавіку 1999‑га.

Аб’явілася Віннікава сама ў канцы 1999‑га — патэлефанавала ў «Беларускую дзелавую газету», распавяла, што збегла ў Лондан.

Якраз у той час усе шукалі забітых Юрыя Захаранку, Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара. Віннікава засведчыла, што жывая. Дала пару крытычных інтэрв’ю і ў выніку сканцэнтравалася на прыватным жыцці, выйшла з публічнай сферы.

У 2003 годзе Тамара Віннікава за 365 тысяч фунтаў — вялікія на той час грошы — купіла ў лонданскім тупіковым завулку Priory Crescent трохпавярховы дом плошчай 181 квадратны метр. Гэта раён Уэмблі, які не лічыцца вельмі прэстыжным, але і не для бедных — хутчэй раён для сярэдняга класа. Да цэнтра Лондана адтуль — прыкладна гадзіна на грамадскім транспарце.

З славутасцяў побач — толькі легендарны стадыён.
Пачынаючы з восені 2023‑га, Віннікава спрабавала прадаць гэты дом. Першапачатковая цана — 960 тысяч фунтаў. Але паколькі ахвотных пакупнікоў не было, давялося зніжаць. У выніку ў 2025‑м годзе Віннікавай удалося прадаць яго з вялікім дысконтам да першапачатковай цаны, за 800 тысяч фунтаў (каля $1 мільёна на той момант).

Дзякуючы таму, што гаспадыня не прыбірала асабістыя рэчы ў момант, калі яе дом фатаграфавалі агенты па нерухомасці, мы можам зазірнуць унутр дома, у якім столькі гадоў пражыла знакамітая фінансістка.

Як гэта прынята ў Англіі, за самім домам ёсць месца для саду і садовага дамка. Гэты кавалачак зямлі пасярэдзіне (36 квадратных метраў) Віннікава засадзіла кветкамі.

Але што насамрэч кідаецца ў вочы, дык гэта мастацкія густы былой банкіркі. Інтэр’еры яе дома былі завешаныя карцінамі, на якіх без праблем можна пазнаць саму Тамару Віннікаву, маладую і чорнавалосую.

Вялікі партрэт Віннікавай у блакітных танах сустракаў гасцей адразу на ўваходзе, у першым холе.

У гасцінай як мінімум на адной з карцін дакладна можна пазнаць Віннікаву. Ці гэта яна ж у вобразе імператрыцы справа — невядома.
Падчас прагляду тэлебачання Віннікава таксама магла перакідваць позірк налева — на свой партрэт, для адпачынку вачэй.

Аўтарства партрэтаў невядомае, але некаторыя іншыя палотны выдаюць руку беларускага мастака Леаніда Шчамялёва.
У доме Віннікавай чатыры спальні і два санвузлы.
Праз вузкую кухню Віннікава выходзіла на летнюю веранду, а потым — у сад.







