22 красавiка 2026, Серада, 20:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША пакінулі Ірак без наяўных долараў

2
ЗША пакінулі Ірак без наяўных долараў

Вашынгтон імкнецца абмежаваць фінансы праіранскіх фармаванняў.

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прыпыніла пастаўкі наяўных долараў у Ірак і замарозіла частку праграм супрацоўніцтва ў сферы бяспекі, узмацняючы ціск на Багдад з патрабаваннем абмежаваць уплыў праіранскіх узброеных фармаванняў. Пра гэта паведамілі амерыканскія і іракскія крыніцы, піша The Wall Street Journal (пераклад — сайт Charter97.org).

Паводле іх дадзеных, была заблакіраваная пастаўка амаль 500 млн долараў наяўнымі — гэта даходы ад продажу іракскай нафты, якія захоўваюцца на рахунках у Федэральным рэзервовым банку Нью-Ёрка. Рашэнне тлумачыцца асцярогамі Вашынгтона, што гэтыя сродкі могуць апасродкавана падтрымліваць узброеныя фармаванні, звязаныя з Іранам.

Гэта ўжо другая затрымка даляравага траншу з пачатку абвастрэння канфлікту паміж ЗША і Іранам у канцы лютага. Адначасова Вашынгтон прыпыніў фінансаванне часткі праграм падрыхтоўкі і падтрымкі іракскіх сіл бяспекі, пакуль не будзе дасягнуты прагрэс у скарачэнні актыўнасці ўзброеных груповак.

У Дзярждэпартаменце ЗША заявілі, што ЗША не будуць цярпець нападаў на свае інтарэсы і чакаюць ад Багдада «неадкладных крокаў па дэмантажы праіранскіх міліцый».

Ірак традыцыйна залежыць ад паставак наяўных долараў, якія забяспечваюць функцыянаванне яго пераважна наяўнай эканомікі. Пасля 2003 года ЗША кантралююць даходы Ірака ад нафты праз рахункі ў Нью-Ёрку і рэгулярна накіроўваюць наяўныя ў Багдад.

Аднак Вашынгтон ужо не раз абмяжоўваў гэтыя пастаўкі — у прыватнасці, у 2015 годзе з-за асцярог, што сродкі могуць трапляць да тэрарыстычных груповак.

На фоне цяперашняга крызісу ЗША таксама абвінавачваюць праіранскія фармаванні ў сотнях нападаў на амерыканскія аб'екты ў Іраку і рэгіёне. Сярод іх — абстрэлы і атакі дронаў на базы і дыпламатычныя аб'екты.

Іракскія шыіты, уключаючы «Катаіб Хезболла» і «Асаіб Ахль аль-Хак», валодаюць значным палітычным уплывам унутры краіны і часткова інтэграваныя ў дзяржаўныя структуры.

У ЗША падкрэсліваюць, што прыпыненне даляравых паставак мае часовы характар, аднак не называюць умоў іх аднаўлення.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках