Карлас Алькарас атрымаў спартыўны «Оскар» як найлепшы атлет года
1- 20.04.2026, 22:05
У спіс лаўрэатаў таксама ўвайшлі Ламін Ямаль, Тоні Кроос і клуб «Пары Сен-Жэрмен».
Другая ракетка свету, іспанец Карлас Алькарас, стаў лаўрэатам прэміі Laureus, якую называюць спартыўным «Оскарам», у намінацыі «Спартсмен года». Цырымонія ўручэння праходзіць у Мадрыдзе.
У 2025 годзе Алькарас выйграў «Ралан Гарос» і US Open, а таксама вярнуў сабе першае месца ў сусветным рэйтынгу, якое захоўваў да красавіка 2026-га.
На ўзнагароду найлепшаму спартсмену прэтэндавалі скокун з шастом Арманд Дупланціс, тэнісіст Янік Сінер, футбаліст Усман Дэмбеле, мотагоншчык Марк Маркес і велагоншчык Тадэй Погацар.
Футбаліст «Барселоны» і зборнай Іспаніі Ламін Ямаль стаў уладальнікам прэміі «Малады спартсмен года», гольфіст Роры Макілрой — у намінацыі «Вяртанне года», чэмпіён свету 2014 года ў складзе зборнай Германіі Тоні Кроос — у намінацыі «Спартыўнае натхненне».
«Камандай года» быў прызнаны футбольны клуб «Пары Сен-Жэрмен», які выйграў чэмпіянат Францыі, Кубак і Суперкубак краіны, Лігу чэмпіёнаў і Міжкантынентальны кубак, а таксама дайшоў да фіналу клубнага чэмпіянату свету.
Прэмія ўручаецца з 2000 года, яе лаўрэаты атрымліваюць 30-сантыметровую статуэтку ад Cartier з золата і срэбра.