Трышкін халат
- Валерый Панюшкін
- 18.04.2026, 16:41
- 1,514
Ахова здароўя ў Расіі пазбавілася асноўных крыніц даходу.
Заробкі лекараў зноў пераглядаюць. На гэты раз урад, нібыта дамовіўшыся з медыцынскімі прафсаюзамі, прапануе зрабіць так, каб аклад складаў палову заробку лекара, а другую палову — разнастайныя іншыя выплаты.
Гэта пераліванне з пустога ў парожняе: аклад павысяць — выплаты скарацяць, выплаты павысяць — аклад урэжуць. Насамрэч, як атрымліваў лекар у правінцыі сто тысяч рублёў, так і атрымлівае; як браў з пацыентаў хабары, так і бярэ; як краў на закупках медыцынскага абсталявання, так і крадзе. Ягоны заробак складаецца не з акладу і дадатковых выплат, а з прыніжэнняў і спроб выкруціцца.
З пачатку вялікай вайны колькасць крымінальных спраў супраць лекараў штогод расла на 25%. У 2022 годзе — 1860 арыштаў сярод медыкаў, у 2023 годзе — 2332 крымінальныя справы. Вось толькі цяпер колькасць крымінальных спраў у дачыненні да лекараў стабілізавалася: відаць, усіх, каго можна, перасаджалі, а каго нельга — напалохалі.
І палітычных спраў сярод іх няшмат. Пасадзілі, вядома, лекара Ягора Вашчынына за антываенныя каментары ў сацыяльных сетках, прызналі, вядома, інаагентам медыцынскі прафсаюз «Альянс лекараў».
Але ў большасці гэта справы карупцыйныя: у Новасібірску пасадзілі дырэктара Цэнтра імя Мяшалкіна, у Варонежы — намесніка галоўнага ўрача мясцовай бальніцы, у Вышнім Валочку — групу нікому не вядомых медыкаў, у Маскве — знакамітага прафесара… Усіх — па абвінавачанні ў крадзяжы, але калі прыгледзецца — дык за спробы яксьці выжыць ва ўмовах, калі ахова здароўя згортваецца.
Да вялікай вайны было так: дабрабыт лекараў забяспечвала фарма. Кожны больш-менш прыстойны лекар так ці інакш атрымліваў падачкі ад фармкампаній, а непрыстойныя лекары маглі марыць, што калісьці атрымаюць падачкі і яны. Вядомыя лекары ў буйных гарадах, прафесары і лідары меркаванняў атрымлівалі шмат — за даклады і кансультацыі, за выступленні перад калегамі, за працу з тым ці іншым медыцынскім абсталяваннем… А паколькі яны атрымлівалі ўзнагароды ад усіх фармкампаній адразу, то і выходзіла, што прасоўвалі не нейкую асобную кампанію, а ўсю медыцыну адразу.
Менш вядомыя лекары за кошт фармкампаній падарожнічалі па міжнародных сімпозіюмах. Сур'ёзныя лекары прывозілі з гэтых паездак найноўшыя медыцынскія веды, што вельмі спрыяла іх прафесійнаму росту і дабрабыту. Несур'ёзныя лекары прывозілі падарункі сям'і. Прафесійнаму росту гэта не садзейнічала, але ўсё ж жыць станавілася неяк весялей.
Сімпозіюмы, канферэнцыі, майстар-класы, прафесійныя школы, курсы павышэння кваліфікацыі, дабрачынныя ці камерцыйныя, дакочваліся і да правінцыі. Тут, вядома, труба была ніжэй, а дым радзей, але нават і ў правінцыі не ўзнікала той атмасферы безнадзейнасці, якая ўзнікла цяпер.
А яна ўзнікла.
Пасля пачатку вялікай вайны міжнародныя фармкампаніі пайшлі з Расіі, і разам з імі сышла тая істотная надбаўка да бюджэту расійскай аховы здароўя, якая ператварала медыцыну з дэпрэсіўнай галіны эканомікі ў больш-менш квітнеючую.
Цяпер усё! Квітненне скончылася! Штотыдзень мы бачым дэпрэсіўныя навіны: то ў федэральным медыцынскім цэнтры заменяць брэндавыя прэпараты на джэнерыкі, то ў абласной бальніцы пасадзяць лекара за тое, што даваў фальшывыя даведкі мігрантам або дэзерцірам, то ў Валагодскай вобласці скарацяць медыцынскі бюджэт, то ў Ніжагародскай…
Адзіным сацыяльным ліфтам для лекараў у сучаснай Расіі застаецца Данбас. Паехаў туды — і глядзіш, ужо завядоўца аддзялення. Рэгулярна паездзіў — і ўжо намеснік галоўнага ўрача. Гэты сацыяльны ліфт, праўда, мае непажаданыя (як кажуць лекары) пабочныя эфекты: такім медыцынскім начальнікам, чыя кар'ера вырасла на паездках у зону баявых дзеянняў, вельмі неахвотна падпарадкоўваюцца больш граматныя калегі, што трацілі час не на патрыятычныя дэмаршы, а на чытанне спецыяльнай медыцынскай літаратуры.
У ўрадзе ж не дурні сядзяць. Відаць, што ахова здароўя дэградуе, распаўзаецца па швах, танчэе, як кавалак масла на цёплым хлебе. Вось і выдумляюць то такую, то гэткую меру, каб нацягнуць на айчынную ахову здароўя з году ў год усё худзейшы бюджэт. То аклад павялічаць, а выплаты скарацяць. То павялічаць выплаты, а скарацяць аклад. Як Трышкін кафтан.
Як Трышкін халат у дадзеным выпадку.
Хаця сакрэт Палішынэля дабрабыту расійскай медыцыны ўсім вядомы: трэба спыніць вайну, адкрыць краіну свету — тады грошы і веды ў медыцыну пацякуць самі сабой, як раней.
Шкада, што «як раней» ужо не будзе на нашым вяку.
Валерый Панюшкін, The Moscow Times