Чаму так шмат расіян не вераць, што амерыканцы былі на Месяцы?
26- Кірыл Шуліка
- 16.04.2026, 18:07
- 4,524
Пранк, які выйшаў з-пад кантролю.
Нядаўняе завяршэнне місіі НАСА «Артэміда-2», у межах якой чацвёра астранаўтаў абляцелі вакол Месяца, стала падставай для новай хвалі дыскусій пра тое, ці сапраўды амерыканцам у 1969–1972 гадах шэсць разоў удалося паспяхова высадзіцца на спадарожнік нашай планеты, ці ж усё гэта было зламыснай інсцэніроўкай.
Калі верыць вынікам апытання, праведзенага ў гэтым месяцы маскоўскай сеткай раённых супольнасцяў М125, 73% жыхароў сталіцы Расіі лічаць, што амерыканцаў на Месяцы не было. Вядома, складана сказаць, наколькі сур’ёзна людзі адказвалі на пытанні ў межах гэтага даследавання. Аднак у 2020 годзе, калі ВЦИОМ вырашыў высветліць, наколькі расіяне давяраюць распаўсюджаным навуковым міфам, 49% рэспандэнтаў назвалі высадку на Месяц у 1969 годзе фальсіфікацыяй урада ЗША, і толькі 31% апытаных прызналі гэты факт даставерным.
З улікам таго, што за шэсць мінулых гадоў стаўленне да ЗША ў грамадстве толькі пагоршылася, дзівіцца анамальным лічбам не выпадае. Хаця яшчэ зусім нядаўна здавалася, што «месяцавая змова» — гэта нешта з таго ж шэрагу, што і сцвярджанні спявака Юрыя Лазы пра плоскую Зямлю ці ж знакаміты эфір лідара «Поп-механікі» Сяргея Курёхіна пра тое, што Ленін быў грыбом.
У прынцыпе, «месяцавая змова» і ёсць не што іншае, як містыфікацыя. І тое, што яна стала часткай масавай свядомасці ў Расіі, толькі падкрэслівае ўнушальнасць людзей. Тут наглядна паўстае прыклад таго, якіх маштабаў могуць вырасці самыя неверагодныя міфы, што цяпер для многіх сталі часткай рэальнасці.
Вядома, у СССР, а потым і ў Расіі мала хто чытаў кнігу амерыканскага пісьменніка-канспіролага Біла Кейсінга «Мы ніколі не былі на Месяцы: амерыканская афёра на трыццаць мільярдаў долараў!». Яна, дарэчы, таксама ўпала на ўрадлівую глебу — папулярнасць у ЗША гэта кніга набрала пасля даволі трагічнай для нацыі вайны ў В’етнаме. На шчасце, гэтае выданне даволі хутка забылася, і цяпер усяго 6% амерыканцаў упэўненыя, што Месяц насамрэч здымалі ў кінапавільёнах.
Дарэчы, у гэтай жа кнізе Кейсінг выказваў сцвярджанні і пра тое, што Юрый Гагарын ніколі не быў у космасе. Але гэта версія ў ЗША таксама не падтрымліваецца грамадскай думкай з прычыны сваёй відавочнай дурноты.
У РФ было прынята спасылацца на зусім іншую крыніцу — інтэрв’ю ўдавы рэжысёра фільма «Касмічная адысея 2001 года» Стэнлі Кубрыка, Крыстыяны, якая ў 2002 годзе распавяла, што яе муж на просьбу прэзідэнта ЗША Рычарда Ніксана здымаў Месяц у павільёнах Галівуда. Аднак нават у тытрах псеўдадакументальнага фільма «Цёмны бок Месяца» было напісана, што гэта розыгрыш і містыфікацыя. Праўда, расійскія журналісты, якія перадалі навіну на стужкі інфармагенцтваў, гэтага не ўбачылі. У рэшце рэшт, хто з нас глядзіць тытры?
Уласна, гэта містыфікацыя аказалася пагоршанай версіяй перформансу Сяргея Курёхіна пра Леніна. Дык што абмяркоўваць тут, у прынцыпе, няма чаго, а ніякіх іншых крыніц, апроч канспіралагічнай кнігі Кейсінга, больш няма.
Больш за тое, у СССР афіцыйная прапаганда ніколі не ставіла пад сумнеў амерыканскія поспехі ў месяцавай праграме, хаця адносіны з Захадам бывалі вельмі прахалоднымі.
Ужо ў расійскія часы спецыялістам, звязаным з савецкай касмічнай праграмай, даводзілася абвяргаць шматлікія (як спам) артыкулы публіцыста Юрыя Мухіна пра тое, што амерыканскую месяцавую праграму зняў Стэнлі Кубрык. Тут варта сказаць, што сам Мухін смуткуе па развале СССР, аднак пры гэтым адмаўляе не толькі амерыканскую месяцавую праграму, але і дасягненні савецкай генетыкі, называючы сябе паслядоўнікам вучонага Трафіма Лысенкі.
Савецкі канструктар касмічнай тэхнікі Барыс Чэртак, у сваю чаргу, казаў, што аўтары канспіралагічных тэорый пра амерыканскую месяцавую праграму зарабляюць на хлусні.
Яшчэ адзін паплечнік Сяргея Каралёва, інжынер Канстанцін Феакцістаў, які сам пабываў на арбіце на касмічным караблі «Васход», распавядаў, што нашы радыясродкі прымалі сігналы з борта «Апалона-11», прычым савецкія спецыялісты не толькі чулі размовы, але і бачылі тэлевізійную карцінку ў момант выхаду астранаўтаў на паверхню Месяца.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін наўпрост назваў «лухтой і поўным маразмам» размовы пра тое, што амерыканцы не высаджваліся на Месяц, як і сцвярджанні, што вежы-блізняты ў Нью-Ёрку 11 верасня 2001 года яны падарвалі самі.
Тут, напэўна, мае рацыю калега Феакцістава, касманаўт Аляксандр Лазуткін, які лічыць, што недавер да палётаў амерыканцаў на Месяц мае не навуковы, а сацыяльны характар.
Можна сказаць, што гэты міф нават асабліва не звязаны з космасам і Месяцам. Яго вытокі цалкам зямныя, гэта пароддзе антыамерыканскіх і антызаходніх настрояў. Калі ты ў кімсьці бачыш праціўніка, то хочаш не толькі выкрыць яго на хлусні, але і прадставіць загадзя слабым. Маўляў, у нас Гагарын дакладна лётаў у космас, а вы не змаглі нічым адказаць, апроч таго, што найнялі Стэнлі Кубрыка зняць кіно (хоць многія адэпты тэорыі змовы і прозвішча рэжысёра не ведаюць).
Дарэчы, ёсць яшчэ адзін падобны міф пра поспехі СССР і няўдачы Паўночнай Амерыкі. Толькі пабудаваны ён ужо не на тэорыі змовы, а на вольнай інтэрпрэтацыі фактаў. Мова пра першую хакейную Суперсерыю 1972 года паміж СССР і Канадаю. Вядома, савецкія хакеісты ў ёй паказалі сябе сапраўднымі байцамі, прадэманстраваўшы майстэрства, якога ніхто не чакаў убачыць. Аднак застаецца факт, што ў цэлым гэтую Суперсерыю зборная СССР прайграла. Іншая справа, што калі ўвесь час успамінаць толькі пераможныя матчы, ды яшчэ і пра адзін з іх зняць мастацкі фільм, дык у народнай памяці замацуецца ўяўленне, што савецкія хакеісты выйгралі наогул усё, што толькі можна.
У дыскусіях пра сапраўднасць амерыканскай месяцавай праграмы бачны толькі адзін станоўчы момант — тэма космасу людзям цікавая дагэтуль. Яна хвалюе, узрушвае, змушае шукаць інфармацыю і даносіць яе дзецям. Гэта вельмі добра і заслугоўвае асобнай увагі тых, хто фармулюе дзяржаўную палітыку ў сферы адукацыі. Але трэба расказваць праўду, быць аб’ектыўнымі і абвяргаць тэорыі змовы.
Кірыл Шуліка, «Росбалт»