Business Insider: Крэмль панёс велізарныя страты
- 16.04.2026, 11:06
- 3,422
Расія пераплаціла $130 мільярдаў з-за санкцый.
Расія выдаткавала дадатковыя 130 млрд долараў на закупку тавараў у абыход заходніх санкцый з-за поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, піша Business Insider. Паводле ацэнак латвійскіх аналітыкаў з Бюро абароны Канстытуцыі (SAB), у 2022–2025 гадах Расія ў сярэднім пераплачвала за імпарт заходніх тавараў з-за санкцый 32,5 млрд долараў штогод.
Адзначаецца, што гэтыя выдаткі датычацца толькі тавараў, якія Расіі ўдалося набыць праз альтэрнатыўныя каналы, і не ўлічваюць выпадкаў, калі замены знайсці не ўдалося.
Міжнародныя санкцыі, уведзеныя пасля ўварвання ва Украіну, таксама прывялі да страты сотняў мільярдаў долараў праз згубу экспартных рынкаў і замарожванне актываў заходнімі банкамі.
Пры гэтым, паводле дадзеных аналітыкаў, расійскія дзяржаўныя ўстановы ўнутры краіны прагназуюць далейшае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, нягледзячы на публічныя заявы ўладаў пра тое, што «эканоміка паспяхова адаптуецца да ўздзеяння заходніх санкцый».
У прыватнасці, адзін з унутраных прагнозаў прадугледжвае дадатковыя страты ў знешнім гандлі на ўзроўні 136 млрд долараў да 2030 года выключна з-за заходніх санкцый. Іншы прагноз паказвае, што працяглае скарачэнне гандлю з Еўропай складзе каля 70 млрд долараў гэтых страт.
Асобна ацэньваюцца рызыкі для энергетычнага сектара. У выпадку ўзмацнення санкцый страты РФ могуць дасягнуць 216,5 млрд долараў на працягу наступных пяці гадоў. Пры гэтым нафтагазавая галіна звычайна складае каля 15–20% ВУП Расіі і амаль траціну федэральных даходаў.
Акрамя таго, Расія сутыкнулася са скарачэннем экспарту жалезнай руды на 40% у 2021–2025 гадах, а экспарт драўніны і цэлюлозы знізіўся прыкладна на 50%.
«Адмена санкцый значна ўзмоцніць пагрозу, якую Расія ўяўляе не толькі для Украіны і Еўропы, але і ў глабальным маштабе», — пішуць аналітыкі, адзначаючы, што Крэмль такім чынам зможа атрымаць свабоду дзеянняў для аказання дапамогі Ірану, Паўночнай Карэі, Венесуэле і Кубе.