Расею перакасіла
12- Сяргей Шэлін, The Moscow Times
- 18.04.2026, 15:15
- 19,584
Перапады настрою Пуціна — закон для расійскай эканомікі.
Нядаўна ўрад РФ абвясціў рэжым жорсткай эканоміі. Ён быў ухвалены ў Крамлі. Але амаль адразу пасля гэтага ваенныя выдаткі ўзляцелі вышэй за ўсе рэкорды, і фінансавыя балансы рэзка перакасіла. Пуцін раптам перахацеў эканоміць.
Месяц з невялікім таму я каментаваў распачаты рэжымам Пуціна «цыкл лакальных секвестраў, звышпланавай эмісіі і зберажэння схуднелых рэзерваў».
Як надумаў, так і аддумаў
Гэтыя навінкі складаліся ў свайго кшталту «рэформу», што вяла да шырокай рэзкі дзяржаўных выдаткаў. Яна відавочна наспела, выношвалася тэхнакратамі яшчэ з першага года вайны і, мяркуючы па аповедзе прэм’ера Мішусціна, была санкцыянаваная Пуціным. Напружанне ў расійскіх фінансах цяпер такое вялікае, лічыў я, што выгод ад перакрыцця Армузскага праліву не хопіць, каб заткнуць бюджэтныя дзіркі.
Нягледзячы на пастаянныя павышэнні падаткаў, у 2025-м федэральны бюджэт быў зведзены з вельмі вялікім дэфіцытам (5,6 трлн рублёў). А дэфіцыт кансалідаванага бюджэту (8,3 трлн рублёў, 3,9% ВУП) быў проста беспрэцэдэнтным. Паўтарэнне таго ж у 2026-м нічога добрага расійскай эканоміцы не абяцала. Таму лютневая «рэформа» выглядала рацыянальнай.
Праходзіць усяго некалькі тыдняў, і падаткаплацельшчыкі даведваюцца, што назапашаны дэфіцыт федэральнага бюджэту толькі за сакавік падскочыў на 1,1 трлн рублёў, а сумарна за першыя тры месяцы 2026-га склаў ужо 4,6 трлн. Гэта значна вышэй за планавы дэфіцыт на ўвесь цяперашні год (3,8 трлн рублёў) і больш чым у два разы перавышае абодва папярэднія рэкордныя дэфіцыты за квартал ваеннага часу.
У 2023-м і ў 2025-м дэфіцыты першых трох месяцаў года складалі 2 трлн рублёў, тыя паказчыкі ўспрымаліся як вельмі праблемныя. Улады супакойвалі публіку, што на пачатак года заўсёды прыпадае нейкае «апераджальнае фінансаванне» (мелася на ўвазе — ваенных заказаў), а потым усё ўваходзіць у норму, і канцы сыходзяцца з канцамі.
Але, па-першае, у 2025-м звесці канцы ўжо не атрымалася. А па-другое, у 2026-м фінансаванне з кожным наступным месяцам становіцца ўсё больш «апераджальным»: у першым тыдні красавіка штодзённыя федэральныя траты былі ў 1,5 раза вышэй за лютаўска-сакавіцкія і ў 1,6 раза вышэй за мінулагоднія красавіцкія.
Гэты выбух марнатраўства — відавочная пуцінская імправізацыя, якая перакрэслівае тое, што ён сам прадпісваў зусім нядаўна. Паводле закона аб бюджэце, федэральныя выдаткі павінны вырасці ў гэтым годзе ўсяго на 2,8% у намінале, гэта значыць у рэальным вымярэнні скараціцца. А лютневая «рэформа» абяцала урэзаць так званыя неабароненыя артыкулы выдаткаў яшчэ на 10% (прыкладна на 1–1,5 трлн рублёў).
Інстынкты нацлідара абавязковыя для ўсіх
«Урад, падаецца, рыхтуецца да кардынальнага павелічэння выдаткаў… Бюджэтная сітуацыя набыла па-сапраўднаму драматычны характар», — разважае тэлеграм-канал MMI. І сапраўды. Пры той хуткасці расходавання грошай, якую набраў урад, гадавы план будзе перавыкананы на добрыя 8 трлн руб. Але праявім асцярожнасць і дапусцім, што толькі на 5 трлн.
MMI прагназуе перавытрату яшчэ акуратней — ад 3 трлн рублёў і вышэй. Але звесткі, што паступаюць з кожным новым тыднем, паказваюць, што пуцінскі расходны размах мацнейшы, чым можна было думаць.
І пэўны сэнс у гэтым убачыць можна. У кожны год вайны Пуцін павялічваў выдаткі на яе. Напрыклад, у 2025-м павялічыў траты на «нацыянальную абарону» на 3 трлн рублёў. Але ў бюджэт на 2026-ы раптам згадзіўся запісаць скарачэнне гэтых выдаткаў на цэлы трыльён. Тэхнакраты і дзяржаўныя фінансісты запэўнілі яго, што інакш ім проста не звесці канцы.
Ды вось ён перадумаў і вырашыў усё ж такі не супраціўляцца сваім інстынктам. Згаданыя дадатковыя 5 трлн рублёў якраз і вернуць «нацыянальную абарону» да звыклых для рэжыму тэмпаў росту, якія дазваляюць яму без перашкод працягваць вайну.
Гэты зыгзаг тым больш цікавы, што Пуцін зусім не профан у фінансах і здольны зразумець асцярогі прафесійна падкаваных падначаленых. Ён ведае, што летась бюджэтныя справы былі даволі дрэнныя, а ў першым квартале цяперашняга сталі яшчэ горшыя. Не толькі ведае, але і кажа:
Статыстычныя даныя паказваюць, што ўжо два месяцы запар эканамічная дынаміка, на жаль, змяншаецца. У цэлым за студзень–люты ВУП скараціўся на 1,8% <�…> траекторыя макрапаказчыкаў пакуль знаходзіцца ніжэй чаканняў <�…> не толькі экспертаў, аналітыкаў, але і прагнозаў самога ўрада, а таксама Цэнтральнага банка Расіі.
Ненафтагазавыя даходы бюджэту за першыя тры месяцы 2026-га моцна не ўклаліся ў план і аказаліся ў намінале ўсяго на 7,1% вышэйшымі, чым за той жа адрэзак мінулага года. Гэта значыць у рэальным вымярэнні хутчэй паменшыліся, нягледзячы на павышэнне падаткаў. На гадавым узроўні недабор гэтых паступленняў можа скласці 3–4 трлн рублёў.
А нафтагазавыя даходы за студзень–сакавік упалі на 45,4%. Узлёт цэн на паліва адлюструецца ў іх толькі ў красавіку. Але менавіта чаканнем навару ад гэтага ўзлёту тлумачаць цяперашні разгул расійскіх тратаў.
Аднак гэтыя чаканні слаба абгрунтаваныя.
Рай не гарантаваны
Сапраўды, цана расійскай Urals вагаецца паміж 110 і 120 даляраў за барэль. Гэта каціроўкі гістарычна рэкорднага 2013-га, калі сярэднемесячныя экспартныя продажы энерганосьбітаў (нафты, нафтапрадуктаў, газу і вугалю) складалі каля 30 млрд даляраў, з якіх потым больш за палову забіралася ў расійскі бюджэт.
За сакавік, першы месяц амерыканска-ізраільска-іранскай вайны, расійская выручка была ніжэй за гэты максімум, але ў красавіку, магчыма, да яго наблізіцца. І калі дапусціць, што гэтаму раю для расійскага бюджэту цяпер не будзе канца, і ў казну РФ сапраўды пачне паступаць па 1–1,5 трлн рублёў звышпланавых даходаў у месяц, то за астатнюю частку года гэта дасць 8–12 трлн рублёў.
І дзесьці да канца 2026-га гэтыя дадатковыя барышы перакрыюць і чаканы рост ваенных выдаткаў (на 5 трлн), і недабор ненафтагазавых паступленняў (на 3–4 трлн).
Але верагоднасць такіх доўгатэрміновых выгод мінімальная. Павінна сысціся некалькі спрыяльных для Пуціна абставінаў. Каб Армузскі праліў быў перакрыты як мінімум да канца года, а ён ужо адкрыўся, праўда, можа і зноў быць блакаваны; каб альтэрнатыўныя маршруты паставак паліва не запрацавалі. І каб Расія магла без перашкод экспартаваць нафту і нафтапрадукты ў ранейшых аб’ёмах.
Кожны з гэтых фактараў зусім не гарантаваны.
Напрыклад, украінскія ўдары па партавых тэрміналах і НПЗ ужо зніжаюць расійскую здабычу нафты і расійскі нафтаэкспарт — хай і на працэнты супраць мінулага года, а не на дзясяткі працэнтаў, як часам сцвярджаюць. І гэтыя ўдары будуць узмацняцца.
Рашэнне Пуціна раздзьмуць ваенныя выдаткі не адпавядае яго сённяшнім магчымасцям і трымаецца на слаба абгрунтаваных надзеях. Яно супярэчыць эканамічнай логіцы і пагаршае становішча ў расійскай гаспадарцы, настроі ў якой і так дрэнныя.
Вытворчасць у грамадзянскіх галінах плаўна ідзе ўніз. Рост грашовай масы паскорыўся. Інфляцыю нават паводле прыхарашчаных афіцыйных падлікаў не ўдаецца паменшыць. А так званая назіраная інфляцыя (г. зн. бягучыя ацэнкі расіян) узрасла ў сакавіку да 15,6%.
Па логіцы трэба змяншаць, а не павялічваць непрадуктыўныя дзяржвыдаткі. Але ў Пуціна козыр старэйшы.
Вельмі павучальна бачыць, як гаспадарчае жыццё велізарнай краіны без спрэчак падладжваецца пад чарговы зыгзаг настрою аўтакрата. У лютым Пуцін прыслухаўся да сваіх фінансістаў і санкцыянаваў «рэформу», накіраваную на зберажэнне казённых сродкаў. У сакавіку перадумаў і загадаў уладкаваць «контррэформу». У красавіку захапіўся ёю і пачаў кідаць грошы на вайну яшчэ шчодрэй.
У траўні або ў чэрвені ён цалкам можа змяніць курс яшчэ разок — і зноў не сустрэне перашкод. Галоўны закон эканомікі РФ — падладжвацца пад імправізацыі кіраўніка.
Сяргей Шэлін, The Moscow Times