СМІ паведамляюць пра гібель 350 расійскіх прызыўнікоў
2- 6.11.2026, 18:45
- 2,050
Больш за ўсё — падчас наступу Узброеных сіл Украіны ў Курскай вобласці.
У вайне супраць Украіны загінулі не менш як 350 расійскіх прызыўнікоў, піша «Медыязона» са спасылкай на ўласныя разлікі. Рэальная колькасць загінулых прызыўнікоў можа быць большай. Выданне ўстанавіла імёны амаль 700 вайскоўцаў, якія падпісалі кантракт з Мінабароны падчас тэрміновай службы. Пасля гэтага яны перасталі лічыцца прызыўнікамі.
Найбуйнейшым эпізодам гібелі прызыўнікаў стала наступленне Узброеных сіл Украіны ў Курскай вобласці у жніўні 2024 года. Паводле падлікаў «Медыязоны», толькі за першы месяц баёў загінулі не менш як 60 чалавек. Расійскія ўлады дазваляюць выкарыстоўваць прызыўнікаў для службы на прыгранічных тэрыторыях, дзе яны траплялі пад украінскія абстрэлы.
Пра тое, што прызыўнікі ўдзельнічаюць у вайне, стала вядома яшчэ ў першыя тыдні вайны. У лютым 2022 года ва Украіне маглі знаходзіцца больш за дзве тысячы прызыўнікоў, пісалі «Важныя гісторыі» са спасылкай на расійскага вайскоўца. Пуцін першапачаткова сцвярджаў, што ў баявых дзеяннях удзельнічаюць толькі прафесійныя вайскоўцы. Аднак 9 сакавіка Мінабароны прызнала факты прысутнасці прызыўнікаў у частках, якія ўдзельнічаюць у баях. Прадстаўнік ведамства пазней запэўніваў, што практычна ўсіх вывелі ў Расію.
Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Школа прызыўніка» Аляксей Табалаў распавядаў «Верстцы» пра рост колькасці скаргаў на прымус прызыўнікаў да падпісання кантрактаў. Паводле яго слоў, вайскоўцы пачалі патрабаваць заключаць іх ужо ў першыя дні службы. «Напрыклад, да нас адзін [прызыўнік] звернецца, а там высвятляецца, што разам з ім яшчэ 40 чалавек падпісалі», — казаў Табалаў.