Лукашэнка паехаў слухаць рапс
1- 5.11.2026, 18:49
- 1,456
Сума інвестыцый у рамонт яго саўгаса «Гарадца» уражвае.
Лукашэнка зноў адправіўся слухаць рапс, што пасля разгромнай паразы рэспубліканцаў здаецца асабліва дарэчным. І рапс гэта не просты, а родны. Лукашэнка накіраваўся ў саўгас (закрэслена) сельгаспрадпрыемства «Гарадзец», адкуль калісьці пачынаўся яго слаўны (закрэслена) працоўны шлях. Праграму выратавання «Гарадца», ужо не першую, пачалі яшчэ год таму. Якія вынікі? Пра вынікі піша planbmedia.io.
Як старшыня — старшыні
«У цябе наперадзе ўсё жыццё. Прыблізна такім я сам прыйшоў. Але стартавыя ўмовы розныя. У цябе сёння ёсць усё», — настаўляў стары дырэктар «Гарадца» новага, дырэктара «АСБ-Агро Гарадзец» Сяргея Сысу. Усё, удакладняе БелТА, — гэта «мадэрнізацыя на аб’ектах сельгаспрадпрыемства і сур’ёзныя ўкладзеныя сродкі».
А цяпер, як нетрудна здагадацца, патрэбная дысцыпліна. Жорсткая, аж да падключэння карных органаў. «Задачу начарціў, намаляваў. Не зроблена — да Хрэніна — міністра абароны. Будуць зімой капаць зямлю і спаць у намётах, — даў параду Лукашэнка. — Дысцыпліна павінна быць жалезная — гэта не мая выдумка. Іншага шляху няма».
«Людзям заробку не шкадуй. Але гэта павінен быць заробак, а не «зряплата»», — падзяліўся ён чарговай мудрасцю.
«Божа барані, убачу, што будзе горай, чым цяпер. Таму я раю: патрабуй гэтага з людзей. Ты ж малады чалавек. Вы — будучыня гэтай краіны. Адсюль такія, як ты, павінны вырасці, і мы іх падымем наверх», — заявіў ён.
Па чым перамены
Падчас мінулай паездкі ў сваю кар’ерную альма-матэр у верасні 2025-га Лукашэнка быў незадаволены. «Ваша гаспадарка, мая гаспадарка — адна з найгоршых. Не самая горшая, але адна з найгоршых… Гэта ганьба для прэзідэнта, калі прэзідэнцкая гаспадарка… да такога стану давялі», — абураўся ён. І запатрабаваў навесці ідэальны парадак.
Але парадак патрабуе грошай. Таму ў маі 2026 года акцыі ЗАТ «АСБ-Агро Гарадзец» перадалі ў гаспадарчае вядзенне дзяржаўнага прадпрыемства «Магілёўаблгаз». І распрацавалі комплексную праграму мадэрнізацыі сельгаспрадпрыемства на 2026–2027 гады з сур’ёзным аб’ёмам фінансавання — каля 86,5 млн рублёў.
Адзін з пунктаў праграмы — будаўніцтва фермы па развядзенні племянной жывёлы мясных парод на 800 галоў. Яе і паказалі Лукашэнку. На ферму ўжо паступіла 235 галоў маладняку герэфардскай пароды для фарміравання племяннога мяснога статку.
«Чаму мы глядзім гэты фактычна комплекс па адкорме — таму што так давядзецца рабіць ва многіх абласцях», — задаволена канстатаваў Лукашэнка.
І паскардзіўся, што работы па мадэрнізацыі пачалі толькі пасля яго даручэння. «У гэтым і ўся наша бяда, і нашы праблемы — без даручэння мы нічога не робім», — заявіў ён.
Аднак, як мы пісалі раней і не раз, праблема ў тым, што пабудаваць пацёмкінскую вёску ў любым указаным Лукашэнкам месцы — не праблема. У тым сэнсе, што зрабіць гэта лёгка і проста, скінуўшыся ўсёй краінай. А вось маштабаваць праект — ніяк не атрымліваецца. І размовы пра дысцыпліну, п’яніц і «заробленыя заробкі» так і застаюцца размовамі. І сістэма працуе толькі пры наяўнасці ў кожнага аб’екта персанальнага спонсара і персанальнага наглядчыка.
З апошнім, дарэчы, у «Гарадца» таксама ўсё ў парадку. Надзею Коткавец, якая было выйшла на пенсію і з якой менавіта ў гэтым саўгасе Лукашэнка пачынаў свой працоўны шлях, ён прызначыў сваёй памочніцай і інспектаркай па Магілёўскай вобласці.
Сёння Лукашэнка нагадаў, што мадэрнізацыя «АСБ-Агро Гарадзец» — адна з частак агульнага плана па развіцці Шклоўскага раёна. «Ён павінен быць, калі не ўзорам, дык прыкладам таго, у якім напрамку павінны развівацца раёны», — сказаў ён.
«І будаваць у такіх «цёмных» месцах. Трэба варушыцца. Трэба хутка ўсё гэта рабіць», — заявіў ён. А інакш мы вас Хрэніным расстраляем.