Севастопаль накрыў энергетычны калапс
5- 3.11.2026, 12:51
- 3,340
Не дзейнічаюць нават жорсткія графікі падачы электраэнергіі.
У Севастопалі ўвялі вельмі жорсткія абмежаванні электразабеспячэння. Ёсць адключэнні электрычнасці і ў іншых гарадах і вёсках акупаванага паўвострава.
Пра гэта паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на зварот кіраўніка акупацыйных уладаў Севастопаля Міхаіла Разважаева да гараджан.
«Гэтай ноччу зноў быў нанесены ўдар па аб'ектах энергетычнай інфраструктуры па-за межамі Севастопаля», — паведаміў ён.
Паводле яго слоў, асноўную частку электраэнергіі горад атрымлівае з іншых рэгіёнаў. Таму наступствы пашкоджанняў адразу адбіліся на электразабеспячэнні Севастопаля. Зараз дзейнічаюць абмежаванні.
«На жаль, у цяперашняй сітуацыі пакуль не атрымаецца прытрымлівацца нават графіка 2 праз 6. Аб'ём паступаючай электраэнергіі не дазваляе забяспечыць такі рэжым», — прызнаў кіраўнік акупантаў.
Ён таксама паведаміў, што ў горадзе працуе аператыўны штаб.
«Прашу паставіцца да сітуацыі з разуменнем і сачыць за афіцыйнымі паведамленнямі», — заклікаў ён севастопальцаў.
У сетцы таксама пішуць, што няма святла ў Сімферопалі і раёне, Алушце, Яўпаторыі, Феадосіі, Саках і іншых гарадах і вёсках.