У Паўднёвай Карэі 230-метровы газавоз запраўлілі безвугляродным палівам
- 3.11.2026, 23:38
Упершыню ў суднаходстве.
Кампанія Envision упершыню ў свеце ажыццявіла бункераванне буйнога аміякавоза з двухпаліўнай сілавой устаноўкай. Судна Terra Clove атрымала «зялёны» аміяк на тэрмінале LOTTE Fine Chemical.
Пра гэта паведамляе Interesting Engineering.
Паліва было выраблена на заводзе кампаніі Envision Energy ў індустрыяльным парку Чыфэн (Унутраная Манголія) з вадароду, атрыманага без выкідаў вугляроду. Адтуль аміяк даставілі морам у Паўднёвую Карэю і закачалі непасрэдна ў рэзервуары судна Terra Clove.
«Гэта бункераванне — гістарычная вяха», — заявіў старшы віцэ-прэзідэнт Envision Energy Фрэнк Юй.
Газавоз быў пабудаваны на верфі HD Hyundai Heavy Industries ва Ўльсане, і нядаўна адбылася ўрачыстая цырымонія надання яму імя. Судна даўжынёй 230 метраў мае дэдвейт каля 65,9 тысячы тон і грузавмяшчальнасць 93 тысячы м³. Яно прызначана для перавозкі вадкага аміяку і звадкаванага нафтавага газу.
Terra Clove абсталявалі двухтактным двухпаліўным рухавіком Everllence. Ён працуе на «зялёным» аміяку, а пры неабходнасці пераходзіць на звычайнае суднавае паліва.
Зялёны аміяк атрымліваюць з вадароду і атмасфернага азоту з выкарыстаннем энергіі ветру або сонца. Пры спальванні ён не выдзяляе вуглякіслага газу. Высокая шчыльнасць энергіі дазваляе судам пераадольваць сусветныя гандлёвыя маршруты без дазапраўкі.
«Гэта пацвярджае, што зялёны аміяк ужо сёння з’яўляецца жыццяздольным і маштабуемым суднавым палівам», — дадаў Юй.
На марскія перавозкі прыпадае каля 80% сусветнага гандлю, аднак скараціць выкіды ў гэтай галіне складана: ёмістасці акумулятараў недастаткова для працяглых рэйсаў, а для альтэрнатыўнага паліва не было створана сертыфікаваных ланцужкоў паставак. Міжнародная марская арганізацыя імкнецца звесці выкіды галіны да нуля прыкладна да 2050 года.
Завод у Чыфэне мае сертыфікаты ISO ад Bureau Veritas, адпавядае стандартам RFNBO і ISCC і штогод вырабляе 320 тысяч тон зялёнага аміяку. Envision плануе павялічыць магутнасць да 1,52 млн тон.