24 лiстапада 2026, aўторак, 10:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў абурыла мінская кватэра ў стылі расійскага Суздаля

Беларусаў абурыла мінская кватэра ў стылі расійскага Суздаля

У прыбіральні гасцей сустракае галава ў какошніку.

Кампанія Novoe, якая займаецца арэндай жылля, прадставіла навінку: кватэру «Суздаль» па сутках у цэнтры Мінска. Аднапакаёвыя апартаменты размешчаныя на праспекце Незалежнасці.

Аздабленне сапраўды не пакідае абыякавымі.

Над ложкам мастак намаляваў дзяўчыну ў какошніку. Цяжкія чырвоныя аксамітавыя фіранкі нагадваюць пра царскія палацы, аднак мэбля родам з СССР падказвае: падаецца, манарха даўно адправілі папраўляць здароўе ў санаторый недалёка ад Мядзела.

Плазменны тэлевізар тут акуратна накрыты вязанай сурвэткай. Кухня выглядае як экспанат этнаграфічнага музея: стаяць лядзянцы-пеўнікі, самавар і талерка з сушкамі, а сцены ўпрыгожваюць птушкі і кветкі.

Асабліва вылучаецца туалет. Чырвонае люстэрка ў форме галавы ў какошніку нагадвае ўваход у казачнае старажытнарускае царства. Варта тройчы прамовіць «Суздаль» — і з’явіцца барына, якая запатрабуе даплаціць за яшчэ адныя суткі такой «раскошы».

Над інтэр’ерам працавала беларуская дызайнерка Анастасія Галезнік. Паводле яе слоў у інстаграме, на рамонт адвялі ўсяго 35 дзён, а грошай было няшмат.

Анастасия Галезник

У абмеркаванні ў Threads многія недаўмяваюць, навошта ў беларускай сталіцы ўзнаўляць расійскую атмасферу.

Гучалі такія меркаванні: «Апартаменты «Суздаль» дарэчныя ў Суздалі», «У Мінску мне падабаецца Мінск, а ў Суздалі — Суздаль», «Навошта турыстам такое ў Мінску? Каму патрэбная руская атмасфера, той паедзе ў Расію. Дзіўны выбар».

Іншы каментатар напісаў: «Не, не падабаецца. У Беларусі павінны быць апартаменты «Маляванка», «Вытынанка» або «Батлейка».

Не абышлося і без гумару. Адным інтэр’ер нагадаў, быццам «ўзарвалася Кадышава». Іншыя раяць пускаць сюды толькі ў какошніках і абавязкова пасля выканання «Матушки-земли» і «Я русский».

Калі жаданне пажыць у «Суздалі» ўсё ж з’явілася, спатрэбіцца 200 рублёў за суткі, а ў святы кошт павышаецца да 450 рублёў.

На сайце Novoe сказана, што каманда хацела ператварыць мінскія квадратныя метры ў іммерсіўныя арт-аб’екты. Паводле іх слоў, жыллё павінна стаць не проста адрасам на карце, а галоўным уражаннем ад паездкі.

Акрамя «Суздаля», у каталогу ёсць кватэры на тэмы Балі, Афрыкі, Парыжа, Бардо і Сіцыліі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲