НАТА дало першы адказ на ўварванне расійскіх ракет у Польшчу
2- 24.11.2026, 8:31
- 3,734
Краіна атрымае самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і не толькі.
НАТА накіруе ў Польшчу дадаткова самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (AWACS), каб больш эфектыўна выяўляць расійскія ракеты і дроны. Пра гэта піша Reuters.
Паводле звестак Reuters, пасля таго як у ноч на 20 лістапада ў паветраную прастору Польшчы падчас масіраванага ўдару па Украіне ўварваліся дзве расійскія крылатыя ракеты і адзін рэактыўны беспілотнік, Варшава звярнулася да НАТА з просьбай узмацніць яе супрацьпаветраную абарону.
Адным з адказных захадаў стане самалёт AWACS, які Альянс размесціць на польскай тэрыторыі.
На ўзбраенні краін НАТА цяпер ёсць 14 самалётаў AWACS (Airborne Warning and Control System). Яны прызначаныя для далёкага радыёлакацыйнага выяўлення паветраных і надводных мэтаў, разведкі і каардынацыі. Радар гэтага самалёта можа выяўляць высокавышынныя мэты на адлегласці да 650 км, а нізкавышынныя мэты і крылатыя ракеты — да 425 км. Адначасова AWACS можа суправаджаць некалькі сотняў паветраных мэтаў.
Польшча прасіла ў НАТА і іншую дапамогу для ўзмацнення сваёй супрацьпаветранай абароны, але яе пакуль не ўхвалілі.
Дадатковую дапамогу Варшаве абмяркуюць міністры замежных спраў краін Паўночнаатлантычнага альянсу падчас сваёй найбліжэйшай сустрэчы.