Дзейны прэзідэнт Балгарыі перамагае на выбарах
- 2.11.2026, 9:22
- 1,724
З вялікім адрывам.
У другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Балгарыі 1 лістапада з вынікам 57,66% перамагла Іліяна Ётава, якая выконвае абавязкі кіраўніцы дзяржавы і саюзніца дзейнага прэм'ер-міністра Румена Радзева.
Пра гэта сведчаць вынікі Цэнтральнай выбарчай камісіі Балгарыі пасля падліку 99,66% бюлетэняў, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Ётава з істотным адрывам апярэдзіла свайго суперніка — празаходняга і праўкраінскага кандыдата, былога прэм'ера Андрэя Гюрава, які набраў 39,38% галасоў.
Ётава стала першай жанчынай, абранай прэзідэнтам краіны. Яна заявіла, што Гюраў патэлефанаваў ёй і павіншаваў з перамогай. У сваім выступленні пасля абвяшчэння вынікаў выбараў кіраўніца дзяржавы папракнула апанентаў за «кампанію ціску».
«Пасля гэтага ціску, пасля гэтай нянавісці, што абрынулася на гэтых людзей, ніхто з іх не адмовіўся, ніхто з іх не здрадзіў нам. Але сёння людзі сваім голасам сказалі: „Не, не так“. Дзякуючы дыялогу, размове, пошуку рашэнняў, супрацоўніцтву і каардынацыі з іншымі інстытутамі можна прымаць правільныя рашэнні, а не тады, калі тваё галоўнае пасланне зводзіцца да таго, каб сабатаваць усіх астатніх», — заявіла Ётава.
Як вядома, перад другім турам прэзідэнцкіх выбараў былы прэзідэнт, экс-прэм'еры і былыя міністры Балгарыі звярнуліся да грамадзян з заклікам прагаласаваць за Гюрава ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў.
Зазначым, што Ётава з'яўляецца прамой паслядоўніцай палітычнага бачання і стылю кіравання Румена Радзева. Яна была яго віцэ-прэзідэнткай яшчэ з першага тэрміну ў 2017 годзе.