На шляху да паўстання 1863 года: чаму Францішак Багушэвіч узяў у рукі зброю
3- 15.11.2026, 14:01
- 2,676
Гісторыя чалавека, які першым распрацаваў беларускую нацыянальную ідэю.
14 лістапада 1861 года малады Францішак Багушэвіч добраахвотна пакінуў Пецярбургскі ўніверсітэт. Ён правучыўся там усяго каля двух месяцаў, але затым прыняў рашэнне, якое шмат у чым вызначыла яго далейшы лёс, піша budzma.org.
Наперадзе былі вяртанне на радзіму, настаўніцтва, удзел у паўстанні 1863–1864 гадоў, цяжкае раненне, вымушаная эміграцыя і амаль два дзесяцігоддзі жыцця на чужыне.
А пазней — літаратурная дзейнасць, якая дазволіла яму ўвайсці ў гісторыю як аднаму з заснавальнікаў беларускай нацыянальнай ідэі.
Францішак Багушэвіч — фігура, якую цяжка ўпісаць у звыклы вобраз кабінетнага літаратара. Калі глядзець на ягоныя партрэты, перад намі паўстае чалавек з доўгімі густымі вусамі, у строгім чорным касцюме, з крыху стомленым, задуменным позіркам. У яго абліччы ёсць нешта ад еўрапейскага інтэлектуала другой паловы ХІХ стагоддзя.
Каб зразумець, чаму 14 лістапада 1861 года стала важнай датай у яго біяграфіі, варта вярнуцца да вытокаў — у той час, калі будучы класік толькі фармаваў свае погляды.
Віленская гімназія і фармаванне светапогляду
Францішак Багушэвіч нарадзіўся 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны Віленскай губерні ў сям’і Казіміра Багушэвіча, выхадца з дробнай шляхты.
Яго дзяцінства прайшло ў асяроддзі, дзе шляхецкі побыт суседнічаў з сялянскім жыццём. Гэты кантакт з простымі людзьмі, іх мовай, звычаямі і паўсядзённымі клопатамі, відаць, пакінуў у свядомасці будучага пісьменніка даволі глыбокі след.
Добрую адукацыю ён атрымліваў у Вільні. Разам з малодшым братам Валер’янам Францішак паступіў у мясцовую гімназію, якую скончыў з адзнакай. Гэта быў час інтэлектуальнага сталення, чытання, знаёмства з гісторыяй краю і фармавання ўласных поглядаў на лад грамадства.
Браты жылі даволі сціпла, і менавіта ў гэты перыяд, верагодна, закладваліся тыя перакананні, якія Багушэвіч пранёс праз усё жыццё: імкненне да нацыянальнага вызвалення, непрыняцце сацыяльнай няроўнасці і павага да простага чалавека.
Гімназічнае жыццё не было для яго выключна часам атрымання адукацыі. Сярод яго сяброў і знаёмых былі маладыя людзі, з якімі пазней ён будзе ўдзельнічаць у паўстанні 1863 года.
Такім чынам, шляхецкае паходжанне, адукацыя і непадробная цікавасць да мінулага свайго краю паступова спалучаліся з усведамленнем супярэчнасцяў свайго часу. Малады Багушэвіч быў падданым расійскага імператара, але настальгаваў па калісьці зніклай Рэчы Паспалітай, дзе жылі яго дзеды-прадзеды.
Пасля заканчэння гімназіі перад маладым чалавекам адкрывалася магчымасць працягнуць адукацыю ў адным з найбуйнейшых універсітэтаў Расійскай імперыі.
І Францішак Багушэвіч выбраў сталіцу Расійскай імперыі — Санкт-Пецярбург. Тады многія выхадцы са шляхецкіх і магнацкіх сем’яў рабілі сабе ў цэлым нядрэнную кар’еру.
У выніку складалася кур’ёзная сітуацыя: з аднаго боку, жыхары былой Рэчы Паспалітай шчыра ненавідзелі імперыю, якая адабрала ў іх радзіму, але былі вымушаныя ёй служыць, каб мець належны ўзровень дабрабыту.
Рашэнне пакінуць універсітэт
У Пецярбургскі ўніверсітэт Францішак Багушэвіч паступіў на фізіка-матэматычны факультэт. Аднак студэнцкае жыццё ў сталіцы імперыі аказалася даволі кароткім. Бо ўжо праз два месяцы пасля пачатку навучання, 14 лістапада 1861 года, ён падаў заяву аб адлічэнні, якую зацвердзілі, і гэта дазволіла Багушэвічу вярнуцца дадому.
За гэтым рашэннем стаяла не страта цікавасці да адукацыі і не расчараванне ў навуцы. Санкт-Пецярбург у той час перажываў перыяд вострага грамадскага напружання.
Студэнцкае асяроддзе было ахоплена пратэстнымі настроямі, а ўніверсітэцкія хваляванні нярэдка выходзілі далёка за межы звычайных спрэчак паміж студэнтамі і адміністрацыяй.
Сутыкненні, затрыманні, пагроза палітычнага пераследу рабілі становішча маладых людзей даволі небяспечным.
Так адбылося і восенню 1861 года, калі навучэнцы выступілі супраць новых універсітэцкіх правілаў, што абмяжоўвалі іх правы, і адмовіліся прымаць новыя матрыкулы (заліковыя кніжкі).
У выніку супрацьстаянне скончылася крывавай сутычкай на ганку ўніверсітэта, якая адбылася 24 кастрычніка і ў якой удзельнічаў і сам Багушэвіч.
Універсітэцкія хваляванні былі часткай значна шырэйшага крызісу Расійскай імперыі, якая нядаўна перажыла Крымскую вайну і ўступіла ў эпоху рэформаў, але пры гэтым заставалася перапоўненай сацыяльнымі супярэчнасцямі.
Адмена прыгоннага права не зняла напружання, а рэвалюцыйныя настроі сярод інтэлігенцыі і моладзі толькі набіралі сілу.
Францішак Багушэвіч прагматычна не хацеў спакушаць лёс і вырашыў добраахвотна пакінуць навучальную ўстанову, пакуль гэта яшчэ можна было зрабіць без непасрэдных негатыўных наступстваў.
Такім чынам, яго адлічэнне было не столькі вынікам прымусовага выключэння, колькі свядомым крокам, дыктаваным абставінамі і асцярогай перад магчымым пераследам.
І ён не памыліўся, бо ўжо ў снежні 1861 года Пецярбургскі ўніверсітэт быў закрыты ў сувязі з хваляваннямі. Да гэтага часу Багушэвіч ужо пакінуў сталіцу і вярнуўся на радзіму.
Ён не атрымаў універсітэцкага дыплома, але, магчыма, набыў значна больш важны досвед, які спатрэбіўся яму ў будучыні, — блізкае знаёмства з рэвалюцыйнай дзейнасцю і жыццём у падполлі.
Вяртанне з Пецярбурга супала з пачаткам новага этапу ў яго жыцці. Праз два гады Францішак апынецца ў самым цэнтры падзей, якія стануць адным з найважнейшых выпрабаванняў для яго пакалення. Ён возьме ў рукі зброю і пойдзе змагацца за тое, у што верыў.
Выбар на карысць паўстання
Пасля вяртання з Пецярбурга Багушэвіч не застаўся без занятку. Ён пачаў працаваць настаўнікам у Лідскім краі, навучаючы дзяцей сялян.
Гэта быў важны перыяд у яго жыцці: замест універсітэцкіх аўдыторый — сельская школа, замест акадэмічных дыскусій — непасрэдны кантакт з людзьмі, чый жыццёвы шлях быў далёкі ад сацыяльнага дабрабыту і шырокіх магчымасцяў.
Для чалавека, які ўжо меў уласныя погляды на справядлівасць і сацыяльную роўнасць, такая праца была не проста сродкам заробку.
Аднак набліжаліся падзеі, якія кардынальна змянілі лёс не толькі аднаго Францішка Багушэвіча. У 1863 годзе пачалося паўстанне супраць расійскай імперскай адміністрацыі. Для маладога Францішка гэта была не выпадковая авантура і не рамантычны жэст незадаволенай моладзі.
Ён успрымаў паўстанцкі рух як працягу гістарычнай барацьбы за адраджэнне Рэчы Паспалітай, спадкаемцамі якой ён лічыў і сябе, і сваё пакаленне.

У ягоным уяўленні паўстанцы 1863 года працягвалі справу тых, хто падымаўся на барацьбу ў 1794-м пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, а таксама ўдзельнікаў паўстання 1830–1831 гадоў.
Гэта гістарычная пераемнасць мела для Багушэвіча прынцыповае значэнне. Пазней ён адлюструе яе і ў сваёй паэтычнай творчасці, звяртаючыся да памяці папярэдніх пакаленняў змагароў.
Разам з Францішкам у паўстанцкім руху ўдзельнічалі яго малодшы брат Валер’ян і былыя сябры-гімназісты. Учорашнія навучэнцы, якія яшчэ нядаўна абмяркоўвалі гісторыю і рэвалюцыйныя ідэі ў калідорах гімназіі, цяпер апынуліся ў сапраўдным падполлі.
Падчас аднаго з баёў у Аўгустоўскіх лясах Францішак Багушэвіч быў паранены. Сітуацыя складалася крытычна: у выпадку траплення ў рукі царскіх войскаў яго чакалі арышт, следства і, хутчэй за ўсё, даволі суровае пакаранне. Аднак дзякуючы дапамозе надзейных людзей маладыму паўстанцу ўдалося схавацца ад царскіх жандараў.

Расплата за ўдзел у паўстанні закранула і ягоных блізкіх. Бацька Казімір, сястра Ганна і брат Апалінар за падтрымку паўстанцаў больш за год правялі ў Ашмянскай турме.
Для самога Францішка Багушэвіча вяртанне да ранейшага жыцця ўжо было немагчымым. Каб пазбегнуць пераследу, ён мусіў пакінуць родныя мясціны. Так пачыналася доўгае выгнанне, якое расцягнецца амаль на два дзесяцігоддзі.
Трансфармацыя ў выгнанні
Украіна стала сапраўдным прыстанішчам для Багушэвіча. У другой палове ХІХ стагоддзя яна была адным з тых рэгіёнаў Расійскай імперыі, дзе знаходзілі прытулак многія ўдзельнікі самых розных нацыянальна-вызвольных рухаў і палітычныя эмігранты.
Тут, у горадзе Ніжыне на Чарнігаўшчыне, Францішак змог працягнуць сваю адукацыю і нават атрымаць юрыдычную спецыяльнасць.
Жыццё ў выгнанні было далёкае ад рамантычнага вобразу палітычнага эмігранта. Пастаянная змена месца жыхарства, матэрыяльныя цяжкасці, адарванасць ад родных мясцін і немагчымасць вярнуцца дадому стваралі дадатковы псіхалагічны ціск. Трэба было пачынаць усё нанова, шукаць працу і прыстасоўвацца да чужога асяроддзя.

Аднак менавіта гэты досвед, верагодна, яшчэ больш умацаваў сувязь Багушэвіча з родным краем. Ён ужо не быў проста маладым шляхціцам, які атрымаў адукацыю ў Вільні і ненадоўга з’ездзіў у Пецярбург.
Перад ім адкрылася сапраўднае жыццё з яго драматычнымі паваротамі, стратамі і выпрабаваннямі. І ўсё гэта ўрэшце паўплывае на станаўленне яго як паэта, пісьменніка, публіцыста і чалавека, які ўрэшце паспрабуе сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю.