16 лiстапада 2026, панядзелак, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Касмічны карабель SpaceX упершыню ў гісторыі вярнуўся з арбіты на стартавую пляцоўку

4
Касмічны карабель SpaceX упершыню ў гісторыі вярнуўся з арбіты на стартавую пляцоўку
Фота: Getty Images

Гэта важны крок да стварэння поўнасцю шматразавай ракеты.

Карабель Starship пасля 22-гадзіннага палёту на арбіце ўпершыню вярнуўся на стартавую вежу SpaceX у Тэхасе, дзе яго злавілі механічныя «рукі». Гэта важны крок да стварэння поўнасцю шматразавай ракеты.

Пра гэта паведамляе Reuters.

Ракета стартавала 13 лістапада з касмадрома Starbase ў Тэхасе. Гэта быў яе 15-ы выпрабавальны палёт.

Верхняя ступень Starship абляцела Зямлю 14 разоў за 22,5 гадзіны, гэта самая працяглая місія ў гісторыі праграмы. На вышыні каля 260 км карабель вывёў на арбіту 26 спадарожнікаў Starlink.

14 лістапада Starship уключыў рухавік над Ціхім акіянам і пачаў спуск у атмасферу, вытрымаўшы каласальнае награванне. Над Starbase карабель разгарнуўся вертыкальна і павольна апусціўся ў механічныя «рукі» вежы, якую называюць «Мехазілай».

«Гэта адсутнае звяно, святы Грааль касмічных палётаў», — пракаментаваў вядучы трансляцыі SpaceX Дэн Хуот.

У той жа час першая ступень, ракета-носьбіт Super Heavy, вярнуцца на стартавую пляцоўку не змагла. План упершыню злавіць абедзве часткі ракеты за адну місію праваліўся.

Ілон Маск хоча стварыць ракету, якая будзе лётаць у космас і назад настолькі ж рэгулярна, як камерцыйныя самалёты, з мінімальным рамонтам паміж палётамі. Цяпер у ракеты Falcon 9 шматразовая толькі першая ступень, а другая пасля кожнага запуску падае ў акіян.

Аднак цеплаабарона Starship з чорных шасцікутных плітак пакуль не цалкам шматразовая, і SpaceX распрацоўвае новыя варыянты.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲