Беларус атрымаў «шалёную» жыроўку
- 14.11.2026, 21:19
- 1,170
912 рублёў за кватэру менш за 48 «квадратаў».
Жыроўка за кастрычнік, якую выклаў жыхар Віцебска, стала прадметам абмеркавання ў Threads. За кватэру плошчай 47,6 м² мужчыне выставілі рахунак на 912,59 рубля. У каментарыях карыстальнікі выказалі здагадку, што ён мог трапіць у спіс «дармаедаў», з-за чаго яму пераразлічылі камунальныя плацяжы па павышаных тарыфах.
Сам аўтар публікацыі суправадзіў фота квітанцыі пытаннем: «Калі думаў: куды ўжо больш, а ЖКГ вырашыла, што можна яшчэ дадаць. Як лічыце, гэта нармальна?»

З квітанцыі бачна, што ўласна за кастрычнік налічана 169,10 рубля. Асноўную частку сумы склаў пераразлік за мінулыя перыяды: 743,33 рубля. З улікам зямельнага падатку ў 16 капеек вынік да аплаты склаў 912,59 рубля.
Найбольш пераразлік закрануў ацяпленне і падагрэў вады. Так, па тарыфе з поўным пакрыццём выдаткаў за ацяпленне налічылі 105,17 рубля, а дадаткова пераразлічылі яшчэ 789,23 рубля. Пры гэтым па субсідаваным тарыфе зрабілі адмоўны пераразлік на 146,06 рубля. З падагревам вады падобная карціна: па адным тарыфе сумы паменшылі, па другім павялічылі.