Беларусы хутка ўбачаць бабровую поўню
1- 14.11.2026, 21:01
Ужо вядомыя дакладныя дата і час незвычайнай суперпоўні.
Незвычайную нябесную з'яву змогуць назіраць беларусы ў канцы лістапада 2026 года, паведамляюць NASA і астранамічныя сэрвісы. На працягу бліжэйшых двух месяцаў такіх суперпоўняў будзе тры.
24 лістапада Месяц апынецца настолькі блізка да Зямлі, што будзе выглядаць большым і ярчэйшым, чым звычайна. Гэтую суперпоўню ў народзе называюць бабровай поўняй.
Паводле даных сэрвісу Time and Date, у Мінску Месяц узыдзе каля 16:07, яшчэ да захаду Сонца. Пасля 17:00, з надыходам цемры, яго можна будзе ўбачыць над усходняй часткай гарызонту. Астранамічная поўня настане прыкладна а 17:53 паводле мінскага часу: менавіта ў гэты момант Сонца і Месяц апынуцца па розныя бакі ад Зямлі. Няўзброеным вокам спадарожнік будзе выглядаць амаль поўным і 23, і 25 лістапада.

Чаму поўня бабровая
Назва прыйшла з Паўночнай Амерыкі. Позняй восенню бабры актыўна рыхтуюцца да зімы: умацоўваюць плаціны і запасаюцца кормам. У некаторых краінах лістападаўскую поўню таксама называюць марознай поўняй.
Бабровая поўня стане першай з трох буйных суперпоўняў бліжэйшых двух месяцаў. Наступны незвычайна вялікі Месяц можна будзе ўбачыць на каталіцкае Раство, 24 снежня 2026 года. Потым суперпоўня супадзе з першай студзеньскай поўняй 2027 года.