Мерц назваў краіны, якія могуць прадстаўляць Еўропу на перамовах па вайне ва Украіне
- 13.11.2026, 18:59
- 1,324
ФОТА: GETTY IMAGES
Канцлер ФРГ пералічыў пяць дзяржаў.
На наступных сустрэчах, прысвечаных завяршэнню расійска-украінскай вайны, могуць прысутнічаць пяць краін Еўропы. Ідзе гаворка пра Германію, Францыю, Вялікабрытанію, Італію і Польшчу.
Такое меркаванне выказаў канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц, размаўляючы з журналістамі на палях сустрэчы Еўрапейскай палітычнай супольнасці у Дубліне (Ірландыя) 12 лістапада. Пра гэта піша «Радыё Свабода».
Федэральнага канцлера спыталі, хто павінен прадстаўляць еўрапейскі бок на мірных перамовах. Ён адзначыў, што фармат Еўрапейскай трайкі (Е3), гэта значыць Германіі, Вялікабрытаніі і Францыі, добра працуе. Магчымыя і шырэйшыя фарматы, лічыць палітык.
«У нас ужо ёсць правераны фармат Е3. Мы таксама часткова працуем над гэтым пытаннем у фармаце пяці краін – Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Польшчы. Я не бачу ніякіх праблем у тым, каб так заставалася і далей», – адказаў Мерц.
Падкрэслім, што канчатковага рашэння адносна складу еўрапейскай дэлегацыі няма.
«У нас ёсць правераныя фарматы ў межах Еўрапейскага саюза, і мы таксама абмяркуем, хто пры неабходнасці будзе прадстаўляць Еўрасаюз. Але гэта пытанне, якое мы будзем абмяркоўваць за зачыненымі дзвярыма», – удакладніў кіраўнік нямецкага ўрада.
«Перш за ўсё я чакаю, што расійскі ўрад, расійскі прэзідэнт нарэшце пагодзяцца на сумесныя перамовы», – дадаў ён.
Мерц таксама заявіў, што бачыць пэўныя пазітыўныя сігналы з боку Масквы. «З пэўным задавальненнем адзначаю, што, відавочна, расійскі бок усё больш гатовы прызнаваць, што нельга гаварыць пра Еўропу без Еўропы. І гэта ўжо само па сабе добрая навіна. Ці захаваецца такая пазіцыя – пабачым. Цяпер вельмі шмат што будзе залежаць ад перамоваў у найбліжэйшыя дні», – сказаў канцлер.
Нагадаем, што ў аўторак і сераду дэлегацыі Украіны, ЗША і РФ сустрэліся ў Абу-Дабі (ААЭ), а ўжо ў чацвер прадстаўнікі Вашынгтона Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер адправіліся ў Маскву, каб пагаварыць там з крэмлёўскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным. У той жа дзень амерыканцы вярнуліся і прызямліліся ў Дубліне (Ірландыя) для перамоваў з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім.
На сумеснай прэс-канферэнцыі Зяленскі, Уіткаф і Кушнер пацвердзілі, што Еўропа павінна стаць удзельніцай перамоваў з правам голасу. Расійскі бок папярэдне з гэтым пагадзіўся.