У Мінску прыдумалі, як змагацца з нашэсцем варон і гракоў
5- 13.11.2026, 9:59
- 1,514
Пачнуць са смеццевых бакаў.
У Мінску становіцца ўсё больш варон і гракоў, якія шумяць у дварах і раскідваюць смецце. Каб птушкі не маглі карміцца харчовымі адходамі, у горадзе плануюць замяніць адкрытыя смеццевыя бакі на кантэйнеры з вечкамі, што шчыльна зачыняюцца, паведамілі у Мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Спецыялісты тлумачаць павелічэнне колькасці вранавых птушак некалькімі прычынамі. У горадзе ім прасцей знайсці ежу, клімат тут мякчэйшы, а натуральных ворагаў практычна няма. Калі раней вароны пераважна прыляталі ў гарады на зімаўку, то цяпер усё часцей застаюцца на сталае жыхарства і ўладкоўваюць гнёзды ў дварах і скверах.
Рэгуляваць колькасць птушак у Беларусі дазволена, але з выкананнем пэўных правілаў. Напрыклад, можна выкарыстоўваць гукавыя і святлавыя адпужвальнікі, а таксама разбураць гнёзды, але толькі ў вызначаны перыяд — з 15 жніўня па 15 лютага.
Яшчэ адзін спосаб — адлоў або адстрэл птушак. Аднак займацца гэтым могуць толькі спецыялізаваныя арганізацыі пры наяўнасці дазволу Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Калі вароны або гракі ствараюць нязручнасці, мінчанам рэкамендуюць звяртацца ў адміністрацыю свайго раёна. Спецыяльная камісія абследуе тэрыторыю і вырашыць, ці трэба рэгуляваць колькасць птушак, якім спосабам і ў якія тэрміны.
Пры гэтым самастойна разбураць гнёзды, забіраць яйкі або птушанят, адлоўліваць і адстрэльваць птушак забаронена. Нельга таксама выкарыстоўваць ядахімікаты. За такія дзеянні прадугледжаная адказнасць.
Праўда, адным адпужваннем праблему не вырашыць: пакуль птушкі маюць свабодны доступ да харчовых адходаў, яны будуць працягваць пасяляцца побач з людзьмі. Таму ў Мінску плануецца мадэрнізацыя пляцовак для смецця — адкрытыя кантэйнеры паступова плануюць замяніць на тыя, што зачыняюцца. Гэта прадугледжана гарадской схемай абыходжання з камунальнымі адходамі.