Украінка на затрыманні дыхання нырнула на 90 м без ласт
- 12.11.2026, 23:02
Кацярына Садурская ўстанавіла сусветны рэкорд.
Украінка Кацярына Садурская ўстанавіла новы сусветны рэкорд — яна нырнула без ласт (брасам) на глыбіню 90 м. Пра гэта 11 лістапада паведамляецца на старонцы сусветнай спартыўнай федэрацыі AIDA International у Facebook.
«Сёння на спаборніцтвах Blue Element у горадзе Суфрыер Садурская дасягнула глыбіні 90 м у дысцыпліне «пастаянная вага без ласт» (CNF), дадаўшы чатыры метры да ўласнага сусветнага рэкорду 2025 года і ўпершыню пераадолеўшы жаночую адзнаку ў 90 метраў», — гаворыцца ў паведамленні.
Садурская адрэагавала на навіну ў Threads.
«Сёння прачнулася — і стала першай жанчынай у гісторыі, якая нырнула на 90 м без ласт», — напісала яна.
У каментарыях спартсменка патлумачыла, што прайшла дыстанцыю туды і назад на затрыманні дыхання, патраціўшы на гэта тры хвіліны і 33 секунды.
Пост Садурскай менш чым за 15 гадзін сабраў больш за 50 тыс. лайкаў. Украінцы ў сетцы абсыпалі спартсменку пахвальнымі водгукамі.