Над Беларуссю праляцела шмат дронаў
2- 12.11.2026, 13:07
- 3,090
Іх назіралі жыхары ўсходу краіны.
Гомельскае выданне «Флагшток» паведамляе, што суткі 10–11 лістапада выдаліся чарговымі, насычанымі на падзеі з беспілотнікамі ў беларускай паветранай прасторы.
Увечары 10 лістапада найчасцей расійскія дроны ляцелі ў бок Украіны ўздоўж мяжы над поймай Дняпра, праходзячы каля Лоева і Камарына.
Украінскія беспілотнікі, са свайго боку, накіроўваліся да паўночных рэгіёнаў Расіі. Уначы на 11 лістапада іх пралёты назіралі жыхары ўсходу Беларусі – у Касцюковічах, Хоцімску, Клімавічах, Уле і Лёзне.
Каля 23:45 10 лістапада дрон з рухавіком унутранага згарання праляцеў над Жлобінам – яго прыналежнасць невядомая.
Таксама ўначы на 11 лістапада Літва зафіксавала чатыры дроны, пра набліжэнне якіх паведамілі беларускія ўлады. Адзін з БПЛА ўвайшоў у Літву з Беларусі каля Друскінінкая, потым ненадоўга заляцеў у Польшчу, вярнуўся ў Літву і праляцеў яе з поўдня на поўнач – праз Марыямпале, а таксама Каўнаскі і Панявежскі раёны, і далей вылецеў у Латвію.
Міністр абароны Літвы выказаў меркаванне, што гэта былі ўкраінскія дроны, якія маглі збіцца з курса праз расійскую РЭБ (радыёэлектронную барацьбу).
Літва і Латвія ў ноч з 10 на 11 лістапада з-за гэтых дронаў абвяшчалі паветраную трывогу.
У кастрычніку паветраную прастору Беларусі расійскія дроны парушалі як мінімум 24 разы – найбольш за ўвесь год.