Пад Гроднам у лесе знайшлі «Жыгулі» са дзіўным надпісам
11- 12.11.2026, 12:36
- 12,372
Уладальнік растлумачыўся.
Пад Гроднам у лесе знайшлі старыя «Жыгулі» са дзіўным надпісам, фотаздымкі якіх разышліся па сацсетках. Уладальнік аўтамабіля расказаў, што падчас паездкі з сябрамі машына там засела і ён не змог адразу забраць яе. Аднак гісторыяй зацікавілася міліцыя, якая западазрыла мужчыну ў спробе зарабіць «танную папулярнасць» — цяпер яму пагражае штраф.
Старую «капейку» знайшлі пасярод лясапарку «Пышкі» — у машыны былі разбітыя шыбы, спушчаныя колы, а ў салоне ляжала смецце. На кузаўе красавіўся надпіс: «Хто знойдзе, можна толькі фота. Добрага дня». Адзін з гараджан выказаў здагадку, што аўтамабіль «выкарыстоўваюць у якасці своеасаблівага трампліна веласіпедысты або матацыклісты», пісаў NewGrodno.by.

Пазней уладальнік «Жыгулёў» знайшоўся і патлумачыў, як машына апынулася ў лесе:
«Усё вельмі проста: мы каталіся з сябрамі, потым машына засела, там нешта паламалася. Мы часова пакінулі яе ў лесе. Надпіс зрабіў я, спадзяваўся, што так яна лепш захаваецца. Але на тых, хто яе выкарыстоўваў у якасці трампліна, зла не трымаю», — расказаў малады чалавек.
Паводле яго слоў, машына прастаяла ў лесе менш за тыдзень — калі яна засела, ужо было цёмна, таму адразу выцягнуць яе не атрымалася. Пазней сябры ўсё ж забралі аўтамабіль.
«Мы і так прыбралі б машыну, а тут давялося зрабіць гэта больш аператыўна», — растлумачыў уладальнік.
Ён дадаў, што цяпер «капейку» разбяруць на запчасткі, а астатняе здадуць у металалом.
Тым часам гісторыяй зацікавілася міліцыя. Там паведамілі, што пасля з'яўлення фотаздымкаў супрацоўнікі Ленінскага РАУС выехалі ў лясапарк, знайшлі аўтамабіль і ўстанавілі асобу ўладальніка. Па версіі сілавікоў, ён спрабаваў «зарабіць танную папулярнасць».
«Кідаць аўтахлам у лесе дзеля хайпу — гэта не проста прыклад безадказных паводзінаў, але і прамое правапарушэнне. За падобныя дзеянні і парушэнне правілаў добраўпарадкавання прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць», — заявілі ў міліцыі.
Матэрыялы перададзены ў УЖРЭП Ленінскага раёна для далейшага разгляду і прыцягнення вінаватага да адказнасці.