«Гэта мог быць толькі Куба»
- 10.11.2026, 22:27
- 5,160
Гісторыя польскага паліцыянта з Бельска-Бялы, які стаў героем пасля атакі ў Кракаве.
24-гадовы Якуб Кулік з Бельска-Бялы апынуўся адным з паліцыянтаў, якія спынілі ўзброенага нападніка у цэнтры Кракава. Цяпер ён у бальніцы. У родным горадзе яго называюць чалавекам, які з юнацтва быў гатовы дапамагаць іншым, піша Onet.pl.
Фатаграфія параненага паліцэйскага, які стаіць на каленях на бруку ў Кракаве пасля затрымання нападніка, стала адным з сімвалаў трагічных падзей апошніх дзён. На здымку — старшы пастэрунковы Якуб Кулік з Бельска-Бялы.
Калі старшыня добраахвотнай пажарнай дружыны Лешчыны Уладзіслаў Шыпула убачыў кадры з месца падзеі, яго першай думкай было: ці жывы Якуб.
«Калі я ўбачыў момант, як яго нейтралізуюць, зразумеў: гэта мог быць толькі Куба. Ніхто іншы», — узгадвае ён.
З 14 гадоў — у пажарнай дружыне
Кулік нарадзіўся ў 2002 годзе. У 14 гадоў ён далучыўся да маладзёжнай пажарнай дружыны пры OSP Лешчыны. Разам з ім туды прыйшлі некалькі сяброў, аднак большасць падлеткаў з цягам часу сышлі.
Якуб застаўся. Паводле кіраўніка пажарнай дружыны, ён хутка зразумеў, што служба — гэта не гульня, а цяжкая праца, якая патрабуе дысцыпліны і пастаяннай падрыхтоўкі.
Яго былыя таварышы ўспамінаюць Куліка як чалавека, які заўсёды імкнуўся даводзіць пачатае да канца. Калі камусьці патрэбна была дапамога, ён не чакаў просьбаў — проста дзейнічаў.
«Ён заўсёды хацеў быць лепшым у сваёй справе», — расказвае адзін з яго школьных сяброў, таксама добраахвотны пажарны.
Акрамя службы ў пажарнай дружыне, Якуб многія гады быў звязаны з мясцовым прыходам: спачатку быў міністрантам, а потым стаў лектарам.
Настаўнікі ўбачылі ў ім будучага ратавальніка
Кулік скончыў II агульнаадукацыйны ліцэй імя Адама Асныка ў Бельска-Бяле. Ён вучыўся ў спецыяльным класе, скіраваным на бяспеку, ратавальныя аперацыі і кіраванне надзвычайнымі сітуацыямі.
Яго класная кіраўніца Рэната Кудлачэк узгадвае Якуба як актыўнага, смелага і фізічна падрыхтаванага вучня.
Паводле яе слоў, ён не баяўся складаных пытанняў, выклікаў і канфрантацыі. Менавіта такія якасці, лічыць педагог, асабліва важныя для людзей, якія выбіраюць працу ў сілавых структурах.
Школьная праграма ўключала заняткі па ратавальнай справе, сустрэчы з прадстаўнікамі службаў і практычныя трэніроўкі. Вучні рэгулярна адпрацоўвалі навыкі аказання першай дапамогі.
«Потым адбываюцца такія падзеі, як субота ў Кракаве, і высвятляецца, што менавіта гэтыя навыкі могуць вырашыць, выжыве чалавек ці не», — кажа настаўнік Роберт Міхальскі.
Ад дэсантніка — да паліцыі
Пасля заканчэння школы ў 2022 годзе Кулік пайшоў на добраахвотную ваенную службу. Ён служыў у 18-м Бельскім паветрана-дэсантным батальёне, дзе прайшоў паглыбленую стралкавую падрыхтоўку і атрымаў кваліфікацыю баёвога медыка.
Пазней вайсковец правёў каля трох месяцаў у раёне польска-беларускай мяжы.
Аднак Якуб хацеў працаваць непасрэдна з людзьмі і ў выніку вырашыў перайсці ў паліцыю. Ён паступіў на службу ў Кракаве.
Асабістае жыццё таксама змянілася: каля двух гадоў таму ён ажаніўся, пераехаў у Пшчыну — родны горад сваёй жонкі — і ў пары нарадзілася дзіця.
Некалькі хвілін, якія змянілі ўсё
У суботу ўзброены 24-гадовы мужчына напаў на людзей у цэнтры Кракава. У выніку загінулі шэсць чалавек, яшчэ 16 атрымалі раненні.
Паліцыянты Якуб Кулік і Артур Мораньскі апынуліся побач з месцам нападу. Яны ўступілі ў супрацьстаянне з узброеным злачынцам і здолелі яго спыніць. Абодва супрацоўнікі паліцыі атрымалі цяжкія раненні.
Менавіта кадры гэтай аперацыі зрабілі Куліка вядомым на ўсю Польшчу.
Яго былы настаўнік Роберт Міхальскі кажа, што ніколі не думаў, што за сваю шматгадовую педагагічную кар’еру ўбачыць, як страляюць у яго вучня.
«Куба праявіў сапраўдны гераізм», — кажа ён.
У родным горадзе чакаюць яго вяртання
Пасля нападу да будынка пажарнай часткі ў Лешчынах пачалі прыязджаць журналісты. Неўзабаве пасля трагедыі мясцовыя пажарныя арганізавалі збор крыві для свайго параненага таварыша.
Аднак у роднай добраахвотнай пажарнай дружыне не хочуць ператвараць гісторыю Куліка ў публічнае шоу.
«Мы не будзем вазіць яго па горадзе напаказ. Куба гэтага не любіць. Яму цяпер патрэбныя спакой і павага», — падкрэслівае старшыня OSP Leszczyny.
У пажарнай частцы спадзяюцца на яго выздараўленне і хочуць убачыць Якуба сярод сваіх таварышаў ужо пасля вяртання з бальніцы.
Для жыхароў Лешчын ён застаецца перадусім сваім чалавекам — тым самым хлапчуком, які ў 14 гадоў прыйшоў у пажарную дружыну і з таго часу прысвяціў сябе службе іншым.
У Польшчы Куліка і яго напарніка Артура Мораньскага ўжо называюць героямі. Прэзідэнт Польшчы Кароль Навроцкі вырашыў узнагародзіць абодвух паліцыянтаў афіцэрскімі крыжамі ордэна Адраджэння Польшчы — за выдатныя заслугі ў забеспячэнні парадку і бяспекі, а таксама выключную самаахвярнасць і мужнасць.