CNN: Частка рэспубліканцаў у ключавых штатах гатовая галасаваць за дэмакратаў
2- 6.10.2026, 22:54
- 1,524
Прамежкавыя выбары ў ЗША запланаваныя на 3 лістапада.
Напярэдадні прамежкавых выбараў 2026 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп мае найніжэйшыя за ўвесь час паказчыкі падтрымкі сярод свайго электарату. У той жа час усё больш апытанняў сведчаць, што частка выбарцаў можа перайсці на бок дэмакратаў, паведамляе CNN.
Паводле даных апытання The New York Times і Сіенскага каледжа, ад 9% да 16% верагодных выбарцаў-рэспубліканцаў заявілі, што гатовыя падтрымаць кандыдатаў ад Дэмакратычнай партыі ў пяці ключавых штатах — Алясцы, Айове, Канзасе, Агаё і Тэхасе.
Аналіз CNN паказвае, што кандыдаты ад Дэмакратычнай партыі маюць двухзначную перавагу сярод выбарцаў-рэспубліканцаў у чатырох важных гонках за месцы ў Кангрэсе. У сямі з дзесяці найбольш значных выбарчых кампаній іх сярэдняя перавага сярод гэтай групы выбарцаў складае не менш як 9 працэнтных пунктаў.
Паводле ацэнак журналістаў, найбольшую дапамогу дэмакратам могуць аказаць выбарцы-рэспубліканцы, якія не асацыююць сябе з рухам Трампа MAGA. Звычайна такія выбарцы складаюць каля чвэрці электаралату Рэспубліканскай партыі.
Разам з тым CNN адзначае, што вынікі апытанняў маюць пэўную хібнасць. Падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў сацыялагічныя даследаванні недаацэньвалі ўзровень падтрымкі рэспубліканцаў. Гэта магло быць звязана з тым, што апытанні ахоплівалі дастатковую колькасць прыхільнікаў партыі ў цэлым, але недастатковую колькасць адданых прыхільнікаў Трампа.
Адзін з найбольш паказальных прыкладаў — Канзас, які традыцыйна лічыцца рэспубліканскім штатам. Апытанне Times-Siena паказала, што дэмакрат Адам Гамільтан зраўняўся з дзейным сенатарам-рэспубліканцам Роджэрам Маршалам: абодва атрымалі па 45% падтрымкі сярод верагодных выбарцаў. Пры гэтым Гамільтан прыцягнуў 16% зарэгістраваных рэспубліканцаў і 10% выбарцаў, якія называюць сябе рэспубліканцамі.
Падобная тэндэнцыя была зафіксаваная і ў іншых штатах. У Айове дэмакрат Джош Турэк атрымаў падтрымку 12% зарэгістраваных рэспубліканцаў, а на Алясцы былая дэпутатка Кангрэса Мэры Пэлтола — 13%.
У Джорджыі сенатар-дэмакрат Джон Ософ атрымаў падтрымку 10% выбарцаў, якія адносяць сябе да рэспубліканцаў, паводле даных апытання Fox News.
CNN таксама адзначае, што, паводле вынікаў апошніх апытанняў, кандыдаты ад Дэмакратычнай партыі ў Паўночнай Караліне, Агаё і Тэхасе ў сярэднім атрымліваюць каля 9% галасоў выбарцаў-рэспубліканцаў.
Разам з тым канчатковы вынік можа адрознівацца, паколькі паводзіны рэспубліканцаў на прамежкавых выбарах могуць быць іншымі, чым прагназуюць цяперашнія апытанні.
Прамежкавыя выбары ў ЗША запланаваныя на 3 лістапада 2026 года. Амерыканцы будуць перавыбіраць усіх 435 членаў Палаты прадстаўнікоў і 35 з 100 членаў Сената.
Агенцтва Reuters пісала, што папулярнасць Трампа зніжаецца з таго часу, як у лютым ён развязаў вайну супраць Ірана, што парушыла ланцужкі паставак нафты з Блізкага Усходу і падштурхнула цэны на паліва амаль да рэкордных узроўняў.