Страх Лукашэнкі стаў відавочным
2- 5.10.2026, 12:46
- 2,390
Найбольш сур'ёзны фронт — якраз па лініі народнага незадавальнення.
Мінулы тыдзень генерал Павел Муравейка пачаў у пасадзе начальніка Генштаба і бескампраміснага змагара з вонкавым ворагам. Але роўна тыдзень таму ён атрымаў прызначэнне ў Адміністрацыю Лукашэнкі ў якасці наглядчыка. У нядзелю ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» яго новы шэф Дзмітрый Крутой акрэсліў кола яго абавязкаў. Новы намеснік кіраўніка Адміністрацыі далучыцца да кантролю за стратэгічнымі праектамі і да працы са зваротамі грамадзян. То-бок літаральна ўчора ты ваяваў з НАТА, а сёння кінуты ў аддзел лістоў, піша planbmedia.io.
На лініі агню
Праўда, іронія тут не вельмі працуе. Найбольш сур'ёзны фронт якраз і праходзіць па лініі народнага незадавальнення.
«Павел Мікалаевіч будзе займацца кантролем за шэрагам стратэгічных праектаў, звязаных не толькі з ваенна-прамысловым комплексам, але і ў рамках рэгіянальных праграм. Будзе каардынаваць інстытут памочнікаў прэзідэнта ў рэгіёнах і займацца зваротамі грамадзян, — адзначыў Дзмітрый Крутой. — Я думаю, гэта будзе вялікая дапамога і дзе-нідзе нават паскарэнне пэўных працэсаў. Ён выдатна ўзаемадзейнічае з людзьмі, то-бок грамадзянская частка ягонай кар'еры таксама даволі нядрэнная. Ён мае добры аналітычны склад розуму і можа дапамагчы ў падрыхтоўцы пэўных матэрыялаў па лініі грамадзянскіх ініцыятыў».
Крутой растлумачыў, што да ягонага шэфа паступае велізарная колькасць зваротаў, у тым ліку з сацыяльных сетак. І з усяго гэтага масіву трэба вызначыць найбольш важныя тэмы, якія сапраўды патрабуюць увагі з боку Лукашэнкі.
«Праводзіцца праца ўнутры Адміністрацыі па ўдасканаленні дзейнасці гэтага падраздзялення. Я думаю, што каардынацыю гэтай працы таксама ўзначаліць Павел Мікалаевіч», — дадаў ён.
Небяспека сярод нас
Сам Павел Муравейка распавёў, што на новай пасадзе яму давядзецца паглядзець на працэсы, што адбываюцца ў краіне, з іншага ракурсу. «Каб можна было гарантавана забяспечыць бяспеку краіны», — адзначыў ён.
Насамрэч абодва чыноўнікі, вядома, маюць рацыю. Бяспецы Беларусі зусім не пагражае ніякае НАТА. І калі Муравейка яшчэ ў якасці начальніка Генштаба «прарубваў» калідор праз Літву, манеўраваў у раёне Сувалкскага калідора і пагражаў суседзям ядзернай бомбай, шчыра кажучы, ён нічым не рызыкаваў. Занадта ўжо віртуальнай была гэтая барацьба.
А вось цяперашні ўчастак — насамрэч небяспечны. Хадзіць па тонкім лёдзе народнага незадавальнення — гэта вам не на віртуальным танку манеўраваць.
Тое, што галоўны патэнцыйны праціўнік рэжыму Лукашэнкі хутчэй унутры, чым звонку, даўно зразумела. І вырашыць даўно набалелае кавалерыйскім наскокам наўрад ці атрымаецца. Але манеўры могуць быць цікавымі.