З Мінска ўпершыню адправіўся прамы рэйс у Бангкок
3- 25.10.2026, 13:30
Рэйсы запланаваныя раз на тыдзень, па нядзелях.
У ноч з 24 на 25 кастрычніка «Белавія» запусціла новы напрамак — у сталіцу Тайланда. Раней беларуская авіякампанія ўжо выконвала рэйсы на востраў Пхукет і ў Патайю, але прамы самалёт у Бангкок адправіўся ўпершыню, паведамляе «Еўрарадыё».
Рэйсы запланаваныя раз на тыдзень, па нядзелях. Самалёт вылятае з Мінска ў 03:10 і прыбывае ў Бангкок у 17:05 па мясцовым часе. Палёт зойме амаль 10 гадзін, а зваротны пералёт — прыблізна на гадзіну даўжэйшы. На момант публікацыі гэтай навіны пасажыры першага рэйса яшчэ ў паветры!
Запуск першага рэйса адзначылі пераразаннем стужкі, падарункамі і пачастункамі. Пасажыраў сустракалі дзяўчаты ў нацыянальных тайскіх строях. А першай зарэгістраванай на рэйс пары ўручылі бокс з падарункамі.
Тайланд становіцца ўсё больш папулярным у беларусаў. Калі ў 2024 годзе азіяцкую краіну наведалі 22 тысячы нашых суайчыннікаў, то ў 2025-м — ужо 32 тысячы.


