У Балгарыі праходзіць першы тур прэзідэнцкіх выбараў
- 25.10.2026, 13:22
Фаварытамі з'яўляюцца дзейная кіраўніца краіны Іліяна Ётава і экс-прэм'ер Андрэй Гюраў.
25 кастрычніка ў Балгарыі праходзіць першы тур прэзідэнцкіх выбараў, галоўнымі супернікамі на якіх з'яўляюцца Іліяна Ётава, якая часова выконвае абавязкі прэзідэнта, і праўкраінскі экс-прэм'ер Андрэй Гюраў.
Пра гэта паведамляе Novinite.
Амаль 6,6 мільёна грамадзян маюць права голасу на 9 373 выбарчых участках па ўсёй краіне.
Участкі адкрыліся а 7:00 раніцы па мясцовым часе. Галасаванне працягнецца да 20:00 з магчымым падаўжэннем да 21:00, калі выбарцы ўсё яшчэ будуць стаяць у чарзе.
Фаварыткай на выбарах з'яўляецца дзейная прэзідэнтка Іліяна Ётава, якая ўступіла на пасаду сёлета пасля таго, як цяперашні прэм'ер-міністр Румен Радэў пайшоў у адстаўку, каб узяць удзел у парламенцкіх выбарах, што прывялі яго да ўлады.
Ётава з'яўляецца прамой паслядоўніцай палітычнага бачання і стылю кіравання Радзева. Яна была яго віцэ-прэзідэнткай яшчэ з першага тэрміну ў 2017 годзе і нават пасля яго адстаўкі ў студзені 2026 года засталася лаяльнай былому шэфу.
Яе галоўным супернікам з'яўляецца Андрэй Гюраў, былы кіраўнік урада. Ён мае вялікі досвед у эканоміцы і падчас свайго кароткага знаходжання на пасадзе падпісаў пагадненне аб бяспецы паміж Балгарыяй і Украінай, а таксама разам з галоўным камісарам МУС Георгіем Кандзевым правёў у краіне найпразрыстыя парламенцкія выбары апошніх гадоў. Гюраў актыўна крытыкуе ўладу, калі тая здзяйсняе антыўкраінскія дзеянні, падрывае адзінства ЕС або падтрымлівае РФ.
Лідар прарасійскай ультраправой партыі «Вазраждане» Кастадзін Кастадзінаў займаў у апытаннях перад выбарамі трэцяе месца.
Усяго ў першым туры ўдзельнічаюць 27 пар кандыдатаў на пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта, прычым амаль палова з іх адкрыта падтрымлівае Крэмль.
Калі ні адзін кандыдат не набярэ абсалютнай большасці галасоў у першым туры, другі тур запланаваны на 1 лістапада.
Ётава і Гюраў, па агульным прызнанні, з'яўляюцца найбольш верагоднымі прэтэндэнтамі на выхад у другі тур.