ГУР: Расія рыхтуе новыя правакацыі дзеля дэстабілізацыі Еўропы
- 23.10.2026, 12:15
Украінская выведка даведалася пра найбольш верагодныя месцы.
Расія рыхтуе новыя правакацыі, каб дэстабілізаваць Еўропу. Мэта — скарачэнне або пазбаўленне знешняй падтрымкі Украіны шляхам дыскрэдытацыі ЗСУ, а таксама запалохванне еўрапейскіх урадаў і грамадстваў.
Аб гэтым паведамляе Telegram-канал Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны.
Па ацэнках ваеннай выведкі Украіны, можа ісці гаворка пра рэалізацыю правакацыйных дыверсійных дзеянняў на тэрыторыі цэнтральнай і ўсходняй Еўропы, у прыватнасці, у балтыйскіх дзяржавах.
У маскоўскіх задумах фігуруюць розныя сцэнарыі — у прыватнасці, правядзенне «аперацый пад чужым сцягам» з наступным абвінавачваннем Украіны праз каналы расійскай прапаганды і даступныя для Крамля міжнародныя пляцоўкі.
Месцамі расійскіх правакацый, паводле даных ГУР, могуць стаць аб'екты крытычнай інфраструктуры, памежныя з Расіяй тэрыторыі, Калінінградскі анклаў, рэгіёны ў дзяржавах ЕС з прысутнасцю рускамоўнага насельніцтва і збудаваннямі, якія кантралюе Крэмль, у прыватнасці, сетка аб'ектаў Рускай праваслаўнай царквы і гістарычныя мясціны, звязаныя з РФ.