Пуцін аддаўся фантазіям пра Украіну
- 23.10.2026, 3:02
Дыктатар РФ загаварыў пра «генетычныя даследаванні» і «гістарычныя землі».
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін паспрабаваў выдаць сябе за міратворца і назваў акупаваныя тэрыторыі Украіны «гістарычнымі расійскімі землямі».
Пра гэта кіраўнік Крамля заявіў у каментары прапагандысту Паўлу Зарубіну.
Пуцін пракаментаваў заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб гатоўнасці замарозіць вайну з РФ па лініі фронту.
«У мяне стаўленне да гэтай справы такое, што гэта не іх тэрыторыя, гэта тэрыторыя гістарычнай Расіі», — сказаў ён.
Кіраўнік Крамля падмацаваў свае словы вынікамі фальшывых рэферэндумаў, на якіх жыхары Данецкай і Луганскай абласцей нібыта прагаласавалі за ўключэнне гэтых тэрыторый у склад РФ.
Асобна кіраўнік Крамля заявіў, што Расія «не хоча ваяваць з Украінай».
«Але калі сённяшняе ўкраінскаое кіраўніцтва хоча ваяваць, ну няхай ваяваюць», — дадаў ён.
Дыктатар нафантазіраваў, што ўсіх грамадзян Украіны, акрамя «матываваных нацыяналістычных фарміраванняў», заганяюць на фронт «гвалтам».
«Таму мы заўсёды выступалі за мірнае вырашэнне. З першых дзён, у 2014 годзе, ужо пра гэта гаварылі… Хачу сказаць, што мы і цяпер гатовыя, мы гатовыя дамаўляцца і шукаць развязкі гэтай цяжкай, няпростай сітуацыі», — сказаў Пуцін.
Кіраўнік Крамля патлумачыў жаданне «дамаўляцца» прыдуманымі «генетычнымі даследаваннямі».
«Гэта вельмі блізкі нам народ, разумееце? Ну што нам казаць? Апошнія генетычныя даследаванні паказваюць, што гэта адзін народ насамрэч, расіяне і украінцы», — дадаў ён.
Нагадаем, расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін ужо неаднаразова прыдумляў нагоды, каб апраўдаць пачатак сваёй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.