Два гарады Беларусі звяжа трамвай
14- 22.10.2026, 17:17
Гэта ўнікальны выпадак для краіны.
Наваполацк можа атрымаць тое, чаго ў Беларусі яшчэ не было: трамвайную лінію, якая злучыць два гарады. Ідзе гаворка пра падаўжэнне шляхоў да Полацка. Пра гэта расказаў начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтранса Андрэй Гладкі.
Як піша БелТА, праект уключылі ў дзяржаўную праграму «Транспарт Беларусі» на 2026–2030 гады. Цяпер шукаюць грошы: акрамя мясцовага бюджэту разлічваюць прыцягнуць крэдыты і сродкі рэспубліканскага бюджэту.
Першы этап прадугледжвае будаўніцтва ўчастка даўжынёй каля 3,7 км ад вуліцы Камсамольскай да пасёлка «Паліміраўскі». У больш далёкай перспектыве плануецца дацягнуць лінію да Полацка. Калі задума ўдасца, трамвай з гарадскога ператворыцца ў міжгародні, і для краіны гэта будзе ўнікальны выпадак.
«Спадзяёмся, што ў 2027 годзе праект атрымае развіццё, і жыхары Наваполацка, а ў перспектыве і Полацка, атрымаюць яшчэ адзін зручны від транспарту», — сказаў Гладкі.
Цяпер у Наваполацку працуе адна трамвайная лінія з двума маршрутамі. Яны злучаюць жылыя раёны з прамысловай зонай, то бок трамвай у першую чаргу вазіць работнікаў заводаў. З пашырэннем сеткі ён стане зручней і для звычайных пасажыраў.