Лукашэнка пакрыўдзіўся на рыжскія шпроты
7- Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»
- 22.10.2026, 15:38
Кое-каму наступілі на яго чырвоную лінію.
А ты памятаеш, як кое-хто казаў, што ў яго ўся мяжа — адна суцэльная чырвоная лінія? Што калі хто-небудзь калі-небудзь хаця б пальцам пасягне, то ён асабіста, у адрозненне ад некаторых, да трох лічыць не будзе. Бо не ўмее.
Таму адкажа адразу без папярэджання, каб жывыя пазайздросцілі мёртвым. Не будзе азірацца: НАТА там ці не. Што ў яго гэты адказ ужо ляжыць ва ўсіх генеральскіх сэйфах.
А ведаеш, да чаго я гэта ўспомніў? Ты не паверыш. Да таго, што ў нас на днях забаранілі латвійскія шпроты разам з астатняй нядружалюбнай кількай. І гэта не таму, што беларуская кілька наскардзілася на нядобрасумленную канкурэнцыю.
Беларуская кілька гэтым разам увогуле ні пры чым. Гэта кое-хто так адказаў на замах на свой дзяржаўны суверэнітэт і месцамі, можа быць, нават тэрытарыяльную цэласнасць.
Бо пакуль мяне тут з табой не было, невядомыя людзі ў чорных масках учынілі інцыдэнт на мяжы з Латвіяй. Спачатку спрабавалі выпхнуць у Латвію мігрантаў, а калі не атрымалася — сышлі, праз некаторы час вярнуліся, перайшлі мяжу і скралі камеры відэаназірання.
І злыя людзі, вядома, пра гэты памежны інцыдэнт распаўсюджвалі розныя версіі. Адны казалі, што кое-хто хлусіць. Што гэта ён сам і паслаў на мяжу тых невядомых у чорных масках. Іншыя — што кое-каму хлусяць яго памежнікі.
У абодвух выпадках выходзіла неяк нягожа. Прычым у другім нават горш, чым у першым.
Бо ў другім выпадку атрымліваецца, што беларускімі памежнікамі кіруе хто заўгодна, акрамя гаранта іх стабільнасці.
Дык што ты думаеш: з двух варыянтаў кое-хто выбраў адзіна магчымы для сябе. То-бок ганьбіцца па поўнай. Сказаў, што ён асабіста тут ні пры чым. Што такіх загадаў не даваў, і яму нічога такога не дакладалі. Сказаў, што спытаў сваіх памежнікаў, і памежнікі ў яго таксама былі не ў курсе.
Таму кое-хто сказаў, што латышы самі сябе правакавалі. То-бок спачатку праніклі ў Беларусь, каб імітаваць штурм латвійскай мяжы. Потым адышлі, але, што характэрна, на беларускую тэрыторыю. Швэндааліся дзесьці па беларускай тэрыторыі некалькі гадзін. Потым вярнуліся назад да мяжы, знялі камеры відэаназірання, занеслі іх у Беларусь і ўжо тады з чыстым сумленнем сышлі ў Латвію.
Ну то-бок неаднаразова асквернілі беларускую мяжу групай асоб па папярэдняй змове і з асаблівым цынізмам. А беларускія памежнікі, атрымліваецца, шматразовага групавога асквернення дзяржаўнай мяжы нават не заўважылі. Яны нават не былі ў курсе, пакуль ім па тэлевізары не паказалі. А кое-хто наогул даведаўся пра ўсё апошнім.
І атрымліваецца, што беларуская мяжа — такі прахадны двор. Хадзі хто хочаш, бяры што хочаш.
Што кое-каму, атрымліваецца, наступілі на яго чырвоную лінію шмат разоў і па папярэдняй змове, а ён у адказ забараніў латвійскія шпроты. І гэта такі адказ у яго ляжаў ва ўсіх генеральскіх сэйфах?
Хачу сказаць: лепш бы кое-хто ўзяў усю віну на сябе. Нават калі ён гэты раз нічога такога раптам і не рабіў. Бо нелегальныя мігранты — справа жыццёвая. Каго ты ўжо гэтымі нелегальнымі мігрантамі здзівіш? А са шпротамі выйшла нейкая ганьба.
Хаця да ганьбы, вядома, кое-каму таксама не прывыкаць.
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»