22 кастрычнiка 2026, Чацвер, 23:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ён гэта сур’ёзна?

3
Ён гэта сур’ёзна?

Лукашэнка зноў звяртаецца да маніпуляцый.

Аляксандр Лукашэнка хоча збліжацца з Захадам і, між іншым, заклікае да супрацоўніцтва з Латвіяй, Літвой і Польшчай. Толькі робіць гэта, так бы мовіць, без павагі.

Яго вельмі хвалюе, як жа мы, гаротныя, перажывём за мяжой халодную зіму — дровы, кажа ён, у гэтых краінах дарагія, а яго альтэрнатывы для ацяплення ніхто не хоча купляць. А ён жа з усёй душой! Ну, не пашанцавала чалавеку ні з народзікам, ні з суседзямі, але ён трымаецца, не здаецца і галаву не адвяртае. Усім гатовы дапамагчы, літаральна апошнюю кашулю з сябе зняць! Яму ж, трэба разумець, гэты экспарт зусім не патрэбны. Усе гэтыя прапановы — ад чыстага сэрца, каб уратаваць суседзяў, якім так не пашанцавала з уладамі і цэнамі.

Раней ён гэтаксама вырашыў ратаваць людзей з Украіны і загадаў разгледзець юрыдычную норму, якая дазволіць ім збіраць грыбы ў памежжы. Ну вось проста што б рабіла Украіна без такога суседа! Падумаеш, даў тэрыторыю расійскай арміі для атак, падумаеш, дапамагае ўсё той жа Расіі рэтранслятарамі! Прычасны да выкрадання ўкраінскіх дзяцей і ўсімі спосабамі падтрымлівае расійскае кіраўніцтва. Галоўнае што? Што хоча дазволіць людзям з Украіны збіраць грыбы. Ну проста нацыятворчы жэст, не менш.

І так, здавалася б, ва ўсім, і паслядоўна трымацца нібыта высакароднай рыторыкі і пазіцыі Лукашэнку не ўдаецца. Ён рэгулярна зрываецца на дзіўныя абвінавачанні. Вось да заходніх суседзяў у яго прэтэнзіі: з цэнамі на дровы там усё складана, затое, кажа ён, у іх ёсць грошы на ваенныя выдаткі.

Ну, пачнём з таго, што сама па сабе такая аргументацыя слабая, бо нічога не даказвае. У любым дзяржбюджэце ёсць розныя катэгорыі выдаткаў, і гэта нармальна. Але сур’ёзна тлумачыць, як працуе такая маніпуляцыя Лукашэнкі, нават не хочацца. Замест гэтага ўзнікае жаданне спытаць: «Ён гэта сур’ёзна?».

Тут жа такая справа, што калі з гэтай жа метадалогіяй падыдзем да размеркавання грошай у Беларусі, атрымаецца ой як няёмка і непрыгожа! Бо на прыватную авіяцыю і элітны аўтапарк Лукашэнкі ў дзяржаве грошы ёсць, а на лячэнне дзяцей са СМА збіраем усім светам. На вечны пошук унутраных ворагаў і катаванні ў турмах — ёсць, а на прыстойныя заробкі медыкам, каб хаця б у абласных гарадах былі лекары ўсіх дзіцячых спецыяльнасцяў, чамусьці не хапае. На БРСМ фінансы заўсёды знаходзяцца, а дзеці, якія засталіся без бацькоў, абыдуцца, і ўвогуле ім дапамогуць дабрачынныя арганізацыі. Але апошняе — не дакладна, бо НДА на ўсякі выпадак масава знішчылі, і многіх актыўных людзей або пасадзілі, або выпхнулі з краіны, або зрабілі і тое, і другое па чарзе.

І вось гэты чалавек, пры мудрым кіраванні якога дэмаграфічная сітуацыя ў краіне стала катастрафічнай нават паводле еўрапейскіх меркаў (а ў Еўропе ў цэлым жанчыны і так не надта імкнуцца нараджаць), збіраецца каго-небудзь ад нечага ратаваць.

Вось бы мне хоць дзясятую частку такой упэўненасці ў сабе! Клянуся, я б скарысталася ёю куды больш эфектыўна.

Наста Захарэвіч, «Белсат»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲